Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РУДАБЕЛКА (АКЦЯБАРСКІ)


Ягор Маёрчык, Рудабелка

Я знаходжуся непадалёк ад мястэчка Акцябарскі. Тут, у лясочку, стаіць лягер геолягаў. На высокімі плоце вісіць шыльда “Небясьпечная зона. Уваход і праезд пабочным асобам забаронены”, а побач яшчэ адна: “Дасьледча-прамысловая ўстаноўка №504”. Брэх вартавых сабакаў часам заглушае помпу.

(Спадар: ) “Новая станцыя, мабыць, адна ў Беларусі такая. Гады чатыры ці тры гэтую цяжкую ваду здабываюць. Запасы разьлічаныя гадоў на 30”.

(Карэспандэнт: ) “Дык а дзе гэтая вада ўжываецца?”

(Спадар: ) “У арганізм яе не спажываюць. Але для расьлінаў карысна: уся табліца Мендзялеева ў ёй. Ужываюць яе для апрацоўкі буракоў. Кажуць, што на 20% павялічваюць рост. Рошчына лепей замацоўваецца. Нават прыяжджалі й бралі на будаўніцтва бібліятэкі ў Менску. Нават карысна ад радыкуліту”.

Слухаць такія аповеды цікава. Легенда легендай,а пытаньні як кажуць, застаюцца. Першае: з тутэйшых жыхароў гэтую самую ваду ніхто ня бачыў. Тых, хто паліваў ёю буракі, я так сама не адшукаў. Другое: адсутнасьць у мясцовым і нацыянальным друку якіх-небудзь зьвестак пра гэтую цуда-сьвідравіну. Трэцяе: неаднаразовыя візыты ў гэты лясок высокіх чыноўнікаў.

Нават самы сьціслы хімічны даведнік інфармуе, што “цяжкая вада” — вадкасьць вельмі рэдкая. Адрозьненьне ад звычайнай вады ў тым, што вадарод заменены ягоным ізатопам. Такія фізычныя асаблівасьці дазваляюць выкарыстоўваць рэчыва ў працы атамных рэактараў і як складнік у вытворчасьці ядравай і вадароднай зброяў. Але пра гэта жыхары Акцябарскага наўрад ці ведаюць.

Адмыслоўцы кажуць, што ў Беларусі цяжкая вада можа быць сыравінай для экспэрымэнтаў, якія праводзяцца Аб’яднаным інстытутам энэргетычным і ядравых дасьледаваньняў “Сосны”.

Саўгас імя Ціхна Бумажкова, чыгуначная станцыя імя Бумажкова, вуліца імя Бумажкова, друкарня імя Бумажкова і кінатэатар зноў жа імя Бумажкова. Мясцовая легенда другой усясьветнай вайны — першы партызан, які атрымаў зорку Героя Савецкага Саюзу. Раней у мястэчку быў яшчэ і Музэй народнай славы імя ўсё таго ж Бумажкова. Але ў 1994-м ён згарэў. На папялічшы ўзьвялі цагляны Цэнтар гісторыі й культуры. Неістотна, але зьмянілася і экспазыцыя.

У размове з дырэктаркай Тацянай Сямакай мы засяродзіліся на іншым, на назове паселішча: спрадвечная Рудабелка, ці савецкі варыянт, які захаваўся сёньня?

(Сямака: ) “Чаму Акцябарскі? Гэта даніна рэвалюцыйнаму настрою нашых людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Ці паўставала ідэя перайменаваць паселішча?”

(Сямака: ) “Думалі пра гэта. Але вырашылі, што лепей пакінуць як ёсьць. Людзі, якія перажылі той час, яны за тое, каб гэта ўсё засталося. Яны кажуць пра тое, што гэта нашыя заваёвы, мы за гэта змагаліся, гэта — нашае жыцьцё. Рудабелка — таксама прыгожы назоў. Скажаш “Акцябарскі” — ні кожны й ведае. Скажаш “Рудабелка” — вось Рудабелку ведаюць! Куды б мы ні ехалі — ці ў Гомель, ці ў Менск — нас заўсёды і паўсюль называюць рудабельцамі”.

(Карэспандэнт: ) “Не называць жа вас акцябратамі”.

(Сямака: ) “І акцябратамі таксама называюць. Сур’ёзна. І акцябратамі называюць!”

Будаўніцтва Цэнтру гісторыі й культуры і народнай творчасьці дагэтуль ня скончанае. Належным чынам нават не асьветленыя залі. Бракуе грошай. Аднойчы сюды завітаў міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў. Пасьля экскурсіі яму прапанавалі расьпісацца ў кнізе ганаровых гасьцей. Каб не сьляпіцца ў сутоньні, ён папрасіў запаліць сьвятло. Дырэктарцы нічога не заставалася, як прызнацца, што ў цэнтральнай залі няма электрычнасьці. Адзін галягенавы пражэктар зьявіўся неўзабаве пасьля прыезду высокага госьця. У бясплатны дадатак ад райвыканкаму спадарыня Сямака ледзь не атрымала вымову за тое, што нібыта пажалілася міністру.

У 8-тысячным мястэчку і людзі, і дзяржаўныя ўстановы зарабляюць грошы як могуць. Возьмем бібліятэку. Паводле старых савецкіх плянаў, сёлета ў Акцябарскім мусілі перарэзаць чырвоную стужку на ўваходзе ў новы будынак бібліятэкі. Згадка пра гэта выклікае ў месьцічаў толькі саркастычны сьмех.

Мара даўно стала нязбыўнай. Якое можа быць узьвядзеньне дадатковых заляў, калі фінансаў на новыя кнігі тут ня бачылі ўжо колькі гадоў? А каб набываць хоць нешта, вырашылі браць грошы з наведнікаў, увялі платныя паслугі. Пры мікрафоне — дырэктарка бібліятэкі Вера Лашчэцька:

(Лашчэцька: ) “Літаратуру мы не атрымліваем. Фінансаваньня на камплектаваньня ў нас няма. Калі не хапае чагосьці, мы самі ідзем, набываем за свае грошы і ставім у фонд. Стварэньне камэрцыйнага фонду — гэта выданьні, якія набываюцца на небюджэтныя сродкі. У чытача ёсьць права выбару: ён можа карыстацца бібліятэкай і бясплатна, і платна. Узяць выданьні з камэрцыйнага фонду — гэта 115 рублёў за суткі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта шмат ці не?”

(Лашчэцька: ) “Калі я ведаю, колькі людзі атрымліваюць, дык я разумею, што гэта шмат. А калі я ведаю, колькі гадоў мы не камплектуемся, дык я разумею, што гэтага мала. Бальшыня нас зразумела. Гэта людзі ўспрынялі спакойна. Колькасьць наведнікаў цяпер у нас павялічылася. Я працую ў бібліятэцы з 1977 году, і я папросту параўноўваю той час і цяперашні. Такой колькасьці чытачоў раней не было”.

У Акцябарскім ажно пяць кавярняў. Пасьля дробнага чаўночнага гандлю тут гэта самы распаўсюджаны бізнэс. Узроўнем абслугоўваньня і немаленькімі цэнамі вызначаецца бар “Дракон”. Але жорсткая канкурэнцыя вымагае ад установаў такога кшталту пэўнай спэцыялізацыі.

Уладальніца “Дракону” Галіна Сташук хоча працаваць для дзяцей. Замест гарэлкі піва яна ахвотней гандлюе марозівам і сокамі. Але гаспадыня не плянуе пераназваць кавярню, каб шыльда болей апавядала дзіцячаму профілю. На гэтае мае свае, прыватныя прычыны:

(Сташук: ) “Бар існуе тры гады. Адразу было багата непрыемнасьцяў: то адно не атрымлівалася, то іншае. Ва ўсіх справах трэба было драконіцца з усімі. Таму я назвала бар “Дракон”. Мне спадабалася гэтая назва. Таму так і атрымалася”.

Кольні гадоў таму інвалід Мікалай Крукаў таксама распачаў сваю справу. Усе свае грошы ўклаў у фэрмэрскую гаспадарку. Вялікія падаткі й малыя кошты на гатовую прадукцыю зрабілі яго банкрутам. Калі працаваў на зямлі, неаднаразова зьвяртаўся па дапамогу да мясцовых уладаў: ад свайго дэпутата, якога выбіралі ўсёй вясковай вуліцай, да чыноўнікаў райвыканкаму. Але на ўсіх узроўняў чуў адмовы. Такая аднадушная рэакцыя і нарадзіла ў Мікалая Крукава апазыцыйныя настроі.

(Крукаў: ) “Ты бачыш, якая ў нас дэмакратыя! Выбіраюць тых самых ужо па 10 год! Тых, хто ў іхную дудку грае”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады, тыя ж дэпутаты, нейкім чынам клапоцяцца пра сваіх выбарцаў?”

(Крукаў: ) “Ды й ну! Ніхто нічога. Нуль увагі! Я кажу ім у сельскім савеце: вы тут для галачкі. Я раней быў сябрам выканкаму. І я ведаю, як дэпутаты ўсё робяць. Фікцыю робяць!”

(Карэспандэнт: ) “Да цяперашняй улады як ставіцеся?”

(Крукаў: ) “А якая цяпер улада? Усё адно дыктат. Хоць я й пэнсіянэр, але прагаласаваў бы за гэтага... Як яго? Быў прэм’ер-міністрам... Чыгір!”

У Акцябарскім знаходзіцца картынгавая траса, якая дазваляе ладзіць спаборніцтвы нацыянальнага ўзроўню. З усяго парку машынаў ацалеў толькі адзін балід. Ён і ёсьць сапраўдным скарбам для падлеткаў, якія наведваюць гурток. Сэкцыяй кіруе Анатоль Сахоўскі.

(Сахоўскі: ) “За два гады мне далі 150 тысяч на набыцьцё запчастак. Гэта — драбяза. Гэтак яшчэ год я вытрымаю. Калі дапамогі ніякай ня будзе, спыніцца гэтая справа”.

(Карэспандэнт: ) “Старая савецкая традыцыя зьбіраць грошы на што-небудзь — можа, варта было б паспрабаваць?”

(Сахоўскі: ) “Грошай мы не зьбіраем. Ніколі ў жыцьці я не скажу: “Хлопцы, давайце скінемся па рублю і што-небудзь набудзем”. Я лепей пайду і дзе-небудзь дастану той жа алей ці бэнзын. Я бы сказаў, што гэта адна з сэкцыяў, якая займае хлопцаў. Чацьверты-пяты-шосты-сёмы клясы. А гэта пераходны ўзрост. Адцягвае ад таго, каб хлопцы дзесьці не хадзілі ды не палілі. З тых, хто ў мяне займаецца, я ня ведаю ніводнага, хто б паліў”.

Да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў райцэнтры існавала філія гомельскай арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы”. Паводле прынцыпу крытычнага стаўленьня да цяперашняй улады і жаданьня нешта зьмяніць, некалі яна зьяднала восем чалавек — ад цяжарных жанчын да качагараў і фэрмэраў. Але хутка суполка спыніла дзейнасьць. Прычына ў грошах, дакладней, іхнай адсутнасьці. Няма як утрымліваць офіс і ладзіць мерапрыемствы.

Ачольваў суполку Юры Юкоўскі. Цяпер у адказ на маю просьбу ён апісвае эканамічны стан мястэчка:

(Юкоўскі: ) “Як і ў бальшыні раёнаў Беларусі, жыцьцё складанае. Эканамічная сытуацыя складаная. Каб пачаліся зрухі, патрэбныя інвэстыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “А што перашкаджае, каб прыйшлі гэтыя інвэстыцыі?”

(Юкоўскі: ) “Агульная сытуацыя ненадзейнасьці ўкладаньня сродкаў. Наўпрост уплывае і палітычны клімат, які распаўсюджваецца і на Акцябарскі. Пакуль няма ўмоваў для залучэньня інвэстыцыяў у Беларусь, яны не прыйдуць і ў Акцябарскі. Пакуль у Беларусі жорсткая вэртыкаль улады, пакуль ня зьменіцца нашая высокая ўлада і не памяняецца стратэгія кіраваньня і кірунак Беларусі, то й сытуацыя ў раёне адпаведна зьмяніцца ня можа”.

Жыхары Акцябарскага даўно зразумелі, што дабрабыт людзей і стан эканомікі залежаць ад палітычнага клімату Беларусі. А час ад часу ўжо можна пачуць выказваньні й пра тое, што пераўтварэньні трэба пачынаць у адваротным парадку: са зьменаў у палітыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG