(Зьміцер Падбярэскі: ) “Адметнаю рысай гэтага праекту было тое, што ў ягоным стварэньні ўдзельнічалі, апрача галоўнага ініцыятара Лявона Вольскага, яшчэ дзьве знакавыя постаці сёньняшняй беларускай музычнай рэальнасьці — лідэр групы “Ляпис Трубецкой” Сяргей Міхалок і лідэр групы “Нейро Дюбель” Аляксандар Кулінковіч.
Прэзэнтацыя альбому для журналістаў адбывалася ў густоўна аформленай кавярні “Стары горад”, што ў Траецкім прадмесьці. Вось чаму ўсе інтэрвію, якія браліся непасрэдна на месцы галоўнае падзеі, адбываліся, так бы мовіць, ва ўмовах, непасрэдна набліжаных да месца падзеі — падчас бяседы.
Такім чынам, першым, да каго я зьвярнуўся з пытаньнем, наколькі ўдзел у гэтым праекце ўпісваецца ў асноўную стылістыку групы “Ляпис Трубецкой”, быў Сяргей Міхалок, якому і слова”.
(Сяргей Міхалок: ) “У прынцыпе, гэта ўпісваецца ў любы напрамак дзейнасьці Сяргея Міхалка. Я ня думаю, што гэта мае моцнае дачыненьне да дзейнасьці “Ляписа Трубецкого”, да іншых праектаў, у якіх я некалі ўдзельнічаў.
Але я зразумеў, што якраз гэты наш зь Лявонам праект вельмі дарэчы. Таму што ў мяне былі песьні на беларускай мове, але яны зь цяперашняй групай “Ляпис Трубецкой” ня надта арганічныя, таму што мы сёньня ўжо крыху адыходзім ад гэтай культуры раённай і блатной. Па-другое, упісваемся ў тое, што я сьпяваў песьні на беларускай мове, нават не на трасянцы, а на канкрэтнай беларускай мове, ёсьць песьні, якія выконваліся раней, але ж ставіць адну песьню ў альбом групы “Ляпис Трубецкой” на беларускай мове было ня вельмі тактоўна, таму што мне падабаюцца канцэптуальныя рашэньні: альбо цалкам на беларускай, альбо тады ўжо сьпяваць па-расейску.
А былі ж песьни, як тая ж “Дзе ж ты каханьне”, якая толькі напалову пераклад Лявона, а ў прынцыпе яна напісаная на беларускай мове, гэта значыць, мной напісаная”.
(Падбярэскі: ) “Зразумела, было цікава даведацца, як жа працавалася ўдзельнікам розных калектываў у межах аднаго музычнага праекту.”.
(Міхалок: ) “Проста было нейкае жаданьне кантакту, менавіта творчага, аднак як гэта ўсё арганізаваць, ніхто ня ведаў. Калі мы прыйшлі на першую рэпэтыцыю, мы нічога наогул не зрабілі. І тады я зразумеў, што тут нешта наогул ня тое. А вось на наступную рэпэетыцыю я ўзяў піва, там літраў з восем, мы селі проста і зрабілі недзе адразу шэсьць песень. Мы зразумелі, што нам трэба было расслабіцца і размаўляць пра тое, што нам цікава разам у гэты момант, дзе тыя тэмы, дзе мы перасякаемся, дзе ўспаміны таго жыцьця, таму што гэта альбом у прынцыпе такі дэкадэнцкі, 1970–80-я гады, такія настальгічныя ноткі”.
(Падбярэскі: ) “Мне было дужа цікаваць пачуць меркаваньне папулярнага сьпевака, які працуе з расейскамоўным рэпэртуарам: наколькі падобныя праекты могуць спрацаваць на прапаганду беларускай мовы наогул?”
(Міхалок: ) “Гэта такія своеасаблівыя ледаколы. Я думаю, што калі зьяднаюцца — я ня буду казаць, што самыя папулярныя і крутыя, аднак адны з самых вядомых людзей, як Лявон, Саша Кулінковіч і я, мы здольныя зрабіць прадукт і камэрцыйна дастаткова паважны, і з творчага погляду дастаткова цікавы. Гэта значыць, што для многіх гэта прыклад таго, што тут можна нешта рабіць, знаходзіць пад гэта спонсараў. У час сур’ёзнай дэпрэсіі мы запісваем лёгкі, іранічны, пазытыўны альбом”.
(Падбярэскі: ) “Наступным маім суразмоўцам зрабіўся Лявон Вольскі, якога таксама давялося літаральна адарваць ад стала. У яго я найперш пацікавіўся, ці мае праект “Крамбамбуля” шанец зрабіцца музычным сэрыялам”.
(Вольскі: ) “Хутчэй за ўсё, ён будзе сэрыялам, таму што першая частка адна была, гэтая — зусім іншая, і гэта будзе сэрыял, але рознафарматны. Ён мяняецца, і гэта прыемна — значыць, творчасьць яшчэ прысутнічае, і гэта незаштампаваны такі сэрыял. Але ўжо ёсьць іншыя ідэі. Песьні там, напрыклад, марскія — цэлы альбом, таксама гэта ў прынцыпе “Крамбамбуля”. Вось Міхал Анемпадыстаў прапанаваў адразу выпусьціць “Крамбамбулю 3. Раз-два-тры: усе за стол!”, якая будзе зьмяшчаць песьні, прысьвечаныя розным сьвятам: Дню лёгкай прамысловасьці, напрыклад, Дню абароны дзяцей. І гэтак далей. І вось да гэтых сьвятаў зрабіць гімны такія”.
(Падбярэскі: ) “Падчас гутаркі зь Лявонам мне закарцела пачуць ад яго самога, як шырока пойдзе ў народ новая “Крамбамбуля”, як ён сам ацэньвае зробленае”.
(Вольскі: ) “Я мяркую, што ён прынамсі будзе больш масавым, бо песьні бліжэйшыя народу, а не такія элітарныя, як у той, бо там яны ўсё ж былі такія спэцыфічныя, гэткія інтэлігенцкія гумар, іронія прысутнічалі, можа быць, шырокім масам і не зразумелыя. А тут ёсьць песьні такія абсалютна дваровыя, стылістычна зробленыя ў традыцыях 1970-х гадоў, ВІА альбо “Чырвоных гітар”, напрыклад. Я думаю, што народным масам гэта будзе блізка”.
(Падбярэскі: ) “Аляксандар Кулінковіч далучыўся да працы над праектам апошні. Па сутнасьці, адзіны ягоны нумар у альбоме — песьня “Марскі чалавек”, якая, дарэчы, мае ўсе шанцы зрабіцца сапраўдным шлягерам”.
(Кулінковіч: ) “Я лічу, што гэта найлепшая песьня, якую я засьпяваў ва ўласным жыцьці. Я страшэнна ўдзячны Лявону. За тое, што ён мне дазволіў, аддаў яе. І калі Лявон дазволіць, я хацеў бы мець песьню “Марскі чалавек” у сваім рэпэртуары ў будучыні. Наступны наш альбом — гэта цалкам беларускамоўны альбом, і я вельмі б хацеў”.
(Падбярэскі: ) “Зразумела, што і падчас гутаркі з Аляксандрам Кулінковічам я ня мог абысьці пытаньне, як жа яму працавалася ў студыі”.
(Кулінковіч: ) “Была атмасфэра такая вельмі добрая, вельмі вясёлая, пісьменная і хуткая. Бязь сьмецьця, была толькі праца. Прынамсі, у той частцы, у якой я ўдзельнічаў. Гэта было дакладна-дакладна-дакладна”.
(Падбярэскі: ) “Цікава, што думкі Сяргея Міхалка і Аляксандра Кулінковіча адносна праекцыі падобных супольных праграмаў на папулярызацыю беларускай мовы цалкам супалі, хоць выказваліся яны незалежна адзін ад аднаго”.
(Кулінковіч: ) “Нават калі б гэтае пытаньне не прагучала, я б сам сказаў пра тое. Мой сын, яму тры з паловай году, увесь час напявае “Госьці, госьці, госьці...”, нешта мармыча на сваёй мове, але ён спрабаваў сьпяваць гэтую песьню на чыстай беларускай мове, на сапраўднай мове. Усё — усе пытаньні вычарпаныя! Чым болей будзе такіх прыемных, удалых праектаў, тым больш нашыя дзеткі будуць гэта слухаць і тым больш будуць размаўляць на мове нармальнай, добрай, прыгожай.
Кажу цалкам шчыра, што такія праекты, як “Крамбамбуля”, робяць добрую справу ў прапагандзе беларускай мовы. У гэтай праграме па-беларуску сьпяваў Міхалок, Кулінковіч ужо пачаў сьпяваць па-беларуску, але ж нас любяць вельмі шмат людзей, і яны будуць атрымліваць задавальненьне ад таго, што яны слухаюць”.
(Падбярэскі: ) “Такім чынам, праграма “Крамбамбуля 11/2: Каралі раёну” паступіць у продаж на пачатку ліпеня. А вось што патлумачыў Лявон Вольскі адносна канцэртнай прэзэнтацыі альбому”.
(Вольскі: ) “Знойдзем дзень, прымяркуем, каб усё было нармальна, бо мы хацелі прэзэнтацыю зрабіць ужо20 чэрвеня, у парку Горкага на “Фэст дэ ля мюзік”, францускім сьвяце музыкі. Нават быў нейкі бюджэт маленькі, але — быў, а тут раптам патэлефанавалі прадусару і гавораць: нічога не атрымаецца, Лукашэнка прыяжджае ў парк. Аказваецца, гэта быў дзень выпускных, і можа быць, ён так і не прыехаў, але парк адмовіў нам. Таму мы адклалі, падумалі: усё адно мёртвы сэзон, лета, адкладзем на верасень і ўжо ў верасьні зробім па нармальнай праграме. Не, можна заўсёды знайсьці нейкі дзень, калі ніхто не ў разьездах, і ўсё спалучыць”.