(Жустэн: ) “Гэта супярэчыць здароваму сэнсу, калі бяруцца падаткі з грошай, якія ёсьць дапамогай Эўразьвязу. Для далейшага нашага супрацоўніцтва зь Беларусьсю вельмі важна, каб такія падаткі ня бралі”, — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі, Украіне і Малдове Норбэрт Жустэн.
Напярэдадні ён разам з амбасадарамі шэрагу эўрапейскіх краінаў наведаў беларуска-літоўскую мяжу, на якой на сродкі Эўразьвязу была праведзеная дэмаркацыя і выкананыя іншыя працы ў справе абсталяваньня мяжы. На гэтыя мэты Эўразьвяз выдаткаваў Беларусі 1 мільён 300 тысяч эўра.
А ўсяго, паводле Норбэрта Жустэна, за 10 гадоў супрацоўніцтва зь Беларусьсю ёй была аказаная дапамога на 50 мільёнаў эўра. У асноўным гэтыя сродкі прыходзілі ў Беларусь ў выглядзе грантаў праграмаў ТАСІS. Пры гэтым амбасадар Эўразвязу выказаў неразуменьне, чаму гэтыя сродкі абкладаюцца ў Беларусі падаткамі. Амбасадар перакананы, што супрацоўніцтва будзе больш плённым, калі падобныя перашкоды зьліквідуюць.
(Жустэн: ) “Мы спадзяемся на тое, што беларускае кіраўніцтва выдасьць указ аб скасаваньні падаткаў з дамапогі Эўразьвязу Беларусі”, — заявіў журналістам Норбэрт Жустэн.
Тым часам Беларусь працягвае прасіць у эўрапейцаў грошы на далейшае абсталяваньне сваіх межаў. Паводле генэрала Аляксандра Паўлоўскага, які кіруе памежнымі войскамі, цяпер плянуецца абсталяваць памежны пераход Казловічы-2 на беларуска-польскай мяжы. Праект будзе каштаваць 19 мільёнаў эўра, і беларускі бок спадзяецца, што частку зь іх дасьць Эўразьвяз.