2 ліпеня ў суд Савецкага раёну прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, журналісты, сваякі Юрыя Хадыкі, а таксама лідэр БНФ Вінцук Вячорка і праваабаронца Людміла Гразнова. Юрыя Хадыку абвінавацілі ў тым, што ён праігнараваў судовыя позвы. Сваякоў Юрыя Хадыкі апыталі як сьведкаў. Яны тлумачылі, што ў той час, калі прыходзілі позвы, спадар Хадыка быў у адпачынку ў расейскім горадзе Ўладзіміры. Стрыечная сястра прафэсара казала, што ён таксама быў у яе ў Гарадзеі й дапамагаў будаваць лазьню.
Гэтыя аргумэнты не паўплывалі на судзьдзю Аксану Рэляву. Яна гадзіну пісала судовую пастанову і нарэшце абвесьціла прысуд — штраф на адзін мінімальны заробак.
Юры Хадыка толькі ўчора выйшаў з-за кратаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка пасьля 15 сутак арышту за ўдзел у маршы “За лепшае жыцьцё!”
У судовай залі Савецкага суду ён так пракамэнтаваў гэты прысуд:
(Хадыка: ) “Акрамя помсты з боку міліцыі я тут нічога ня бачу. На самай справе я ня маю прэтэнзіяў да гэтага суду. Сёньня ж я прыйшоў адразу пасьля вызваленьня. А зь міліцыяй… Гэта асобная размова. Менавіта ад міліцыі зыходзяць усе гэтыя фальсіфікацыі пра адміністрацыйныя парушэньні. Гэта дэманстрацыя палітычнага перасьледу. Я ня ведаю, хто цяпер зьяўляецца пракурорам гораду Менску, але раней міліцыя была больш законапаслухмяная. Цяпер яны адкрыта займаюцца ілжысьведчаньнямі. Таму, верагодней за ўсё, яны атрымалі загад, гэта воля нейкага начальніка”.
Адзін мінімальны заробак — гэта 40 тысяч рублёў. Паводле пастановы Вярхоўнага суду, у выпадках, калі размова ідзе пра выплаты штрафаў, памер мінімальнага заробку лічыцца так званай “базавай адзінкай” на 14 тысяч рублёў. Юры Хадыка лічыць, што справа не ў памеры штрафу. Ён будзе абскарджваць і завочны прысуд на 15 сутак арышту, і пакараньне штрафам.