Паводле Ўладзімера Цімашэвіча, прапановы аб партнэрстве з боку аб’яднанай Эўропы могуць прынесьці добры вынік перадусім у выпадку Ўкраіны і Малдовы, бо гэтыя краіны афіцыйна заяўляюць аб сваім жаданьні далучыцца да Эўрапэйскага Зьвязу. Аднак, Брусэль, адзначыў польскі міністар, мусіць спрыяць пераменам і ў Беларусі.
(Цімашэвіч: ) ”Беларусь – гэта эўрапэйская краіна, і яе будучае ў Эўропе. Усё залежыць толькі ад ураду гэтай краіны і выбару беларускага народу. Канешне, цяпер ніхто ня можа быць задаволены тым, што ў гэтай краіне робіцца, аднак мы мусім будаваць такія дачыненьні зь Беларусьсю, каб паказаць сваю падтрымку тым сілам, якія хочуць рэформаў, стварэньня грамадзянскай супольнасьці, а таксама спрыяюць памежнаму супрацоўніцтву. Мы мусім быць гатовыя да таго, каб паказаць беларусам, што ў іх таксама ёсьць шанец”.
Пры гэтым, лічыць Уладзімер Цімашэвіч, нельга рабіць нічога, што магло б быць выкарыстанае афіцыйным Менскам у якасьці сьведчаньня міжнароднай падтрымкі цяперашніх беларускіх парадкаў.
(Цімашэвіч: ) ”Менавіта таму мы не падтрымліваем ніякіх дачыненьняў зь Беларусьсю на вышэйшым палітычным узроўні і ніякіх афіцыйных кантактаў на высокім палітычным узроўні. Але, прыкладам, напярэдадні, у часе спатканьня краінаў-сябраў НАТА ў Мадрыдзе, я меў вельмі адкрытую, я б нават сказаў, не па-дыаляматычнаму адкрытую размову зь беларускім міністрам Мартынавым аб сытуацыі ў Беларусі і стане дачыненьняў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам. Думаю, мы дакладна далі зразумець беларускаму боку, што трэба зрабіць, каб гэтыя дачыненьні палепшыць”.
Міністар замежных справаў Польшчы падкрэсьліў таксама, што ня думае, каб у бліжэйшы час польска-беларускія дачыненьні ці дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам значна палепшыліся. Аднак, паводле ягоных словаў, у будучым у Беларусі варта чакаць пераменаў да лепшага, бо так было ва ўсіх усходнеэўрапэйскіх краінах. Працягвае Ўладзімер Цімашэвіч.
(Цімашэвіч: ) ”Я, канешне, веру, што ў будучым мы будзем сьведкамі пазытыўных пераменаў у Беларусі. Пераменаў, якія дазволяць нам запрапанаваць гэтай краіне партнэрскія адносіны з Эўрапэйскім Зьвязам, як мы гэта зрабілі ў выпадку Украіны і Малдовы”.
Паводле шматлікіх экспэртаў, у пашыраным Эўразьвязе менавіта Варшава зьяўляецца галоўным прэтэндэнтам на вызначэньне палітыкі аб’яднанай Эўропы ў дачыненьнях з усходнімі суседзямі.