Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЛЕГАЛІЗУЮЦЬ У ЗША ГОМАСЭКСУАЛЬНЫЯ ШЛЮБЫ?


Ганна Соусь, Прага

Вярхоўны Суд ЗША прагаласаваў 6 галасамі супраць 3 на карысьць рашэньня, што законы ў забарону гомасэксуальных дачыненьняў парушаюць канстытуцыйнае права чалавека на прыватнае жыцьцё. Гэтае рашэньне закранае 13 штатаў ЗША, якія мелі законы аб забароне гомасэксуальных адносінаў. Варта дадаць, што гэтыя законы рэалізоўваліся зрэдку, аднак прадстаўнікі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі меркавалі, што такім чынам яны спрыялі дыскрымінацыі гомасэксуалістаў. Судзьдзя Энтані М. Кэнэды напісаў ў асноўным рашэньні, што людзі “маюць права на тое, каб іхнае прыватнае жыцьцё паважалі. Штат ня можа прыніжаць іхнае існаваньне ці кантраляваць іхныя жыцьці, пераўтвараючы іх сэксуальныя паводзіны ў злачынства”.

Судзьдзя Кларэнс Томас, які меў на гэты конт іншае меркаваньне, тым ня менш пагадзіўся зь меркаваньнем большасьці дазволіць гомасэксуальны сэкс. Аднак ён зазначыў, што ня можа знайсьці доказ таму, што права на прыватнае жыцьцё адметным чынам вызначанае ў Канстытуцыі. Выказваючы сваё адрознае меркаваньне, судзьдзя Томас напісаў: “пакараньне каго-небудзь за праяўленьне ягоных сэксуальных перавагаў праз некамэрцыйныя ўзгодненыя адносіны з другім дарослым чалавекам падаецца ня лепшым спосабам выкарыстаньня каштоўных рэсурсаў прымяненьня законаў”.

Рашэньне суду крытыкавалася з прычыны няпэўнага вызначэньня права на прыватнае жыцьцё у межах Канстытуцыі. Гэта адзначыў прафэсар права з ўнівэрсітэту Джорджа Вашынгтона Джэфры Розэн.

(Розэн: ) “Суд прызнаў даволі агульнае права, калі выказаўся наконт чалавечай годнасьці й асабістай аўтаноміі – гэта вельмі абстрактныя ідэі наконт прыватнага жыцьця. Некаторыя людзі лічаць, што яны недастаткова ясна сфармуляваныя ў Канстытуцыі”.

Роджэр Пілан, віцэ-прэзыдэнт у юрыдычных справах у інстытуце Като Вашынгтонскага дасьледчага цэнтру гаворыць, што недахоп пэўнасьці й быў наўмысным. Ён гаворыць, што Канстытуцыя й распрацоўвалася такім чынам, каб мець варыянты трактовак, якія павінны інтэрпрэтавацца ў розных сытуацыях.

(Пілан: ) “Судзьдзі ўсіх узроўняў павінны інтэрпрэтаваць тую агульную мову, сыходзячы з разуменьня арыгіналу й асабліва з тэорыі права, на якой грунтавалася Канстытуцыя, у той час, калі яе прымалі й ратыфікавалі ў пазьнейшыя гады”.

Многія крытыкі, прыхільнікі й аналітыкі пагаджаюцца з тым, што наступным лягічным юрыдычным крокам Вярхоўнага суду будзе рашэньне аб легалізацыі шлюбаў паміж асобамі аднаго полу. Гаворыць прафэсар права Джэфры Розэн.

(Розэн: ) “Рух ў абарону правоў геяў, праўдападобна, будзе сьцьвярджаць, што шырокае права асабістай аўтаноміі, якое прызнаў суд, дастаткова моцнае й істотнае, каб адмяніць абмежаваньні на шлюб”.

Паводле Розэна, многія праціўнікі легалізацыі гомасэксуальных шлюбаў лічаць, што такі закон паспрыяе прыніжэньню ролі традыцыйных шлюбаў ў грамадзтве і скажэньню сямейных каштоўнасьцяў. Джэфры Розэн дадае, што жорсткая апазыцыя гомасэксуальным шлюбам можа прымусіць рух за правы гомасэксуалістаў пачакаць, пакуль стаўленьне амэрыканцаў да гэтага стане больш талерантным, перад тым як прапаноўваць легалізацыю шлюбаў.

Паводле вынікаў дасьледаваньня, якое правяла Ўсясьветная асацыяцыя лесьбіянак і геяў, рашэньне амэрыканкага суду прыводзіць амэрыканскае заканадаўства ў адпаведнасьць з заканадаўствамі многіх эўрапейскіх краінаў, дзе адносіны паміж асобамі аднаго полу легалізаваныя. Напрыклад, у Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах, Расеі, Польшчы, Эстоніі, Харватыі і Ўкраіне. Аднак у многіх краінах сьвету дагэтуль яшчэ цалкам не прымаюць геяў і лесбіянак. Гаворыць Роджэр Пілан:

(Пілан: ) “Некаторыя ісьлямскія краіны абсалютна бязьлітасныя да гомасэксуалізму”.

У некаторых краінах Сярэдняга Ўсходу гомасэксуалізм лічыцца сур’ёзным злачынствам. У Іране і Савудаўскай Арабіі былі пакараныя сьмерцю людзі, якіх абвінавацілі ў гомасэксуалных сувязях. У Індыі за гомасэксуалізм караюць сьмерцю ці пажыцьцёвым зьняволеньнем, пра гэтае паведамляецца ў дасьледаваньні Ўсясьветнай асацыяцыі геяў і лесбіянак.

Прафэсар права Джэфры Розэн сьцьвярджае, што рашэньне Вярхоўнага Суду ЗША, праўдападобна, было выкліканае жаданьнем пацьвердзіць права на прыватнае жыцьцё і прывесьці амэрыканскія законы ў адпаведенасьць з заканадаўствам іншых заходніх краінаў.

(Розэн: ) “Суд кіраваўся ідэяй, што ЗША й Эўрапа павінны ўзгадняць свае пазыцыі. Я інтэрпрэтую гэтую частку рашэньня ў тым сэнсе, што заходнія дэмакратычныя дзяржавы ня маюць тэндэнцыі абмяжоўваць інтымныя сэксуальныя паводзіны гомасэксуалістаў”.

Назіральнікі з абодвух бакоў чакаюць, што ў выніку Вярхоўны суд прыме рашэньне адмяніць законы, якія забараняюць гомасэксуальны шлюб. Невядома толькі, як хутка гэта можа адбыцца. Тым часам адзін з сэнатараў ЗША, рэспубліканец Біл Фрыст з Тэнэсы гаворыць, што ён плянуе распачаць працу над канстытуцыйнай папраўкай, якая бы вызначыла шлюб як выключна саюз паміж мужчынам і жанчынай. Таксама невядома, ці атрымала бы гэтая папраўка дастаткова падтрымкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG