Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙЦАЎ, ЯКІЯ ЕДУЦЬ У КАЛІНІНГРАД, ЗАТРЫМЛІВАЮЦЬ НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ


Юры Сьвірко, Менск

1 ліпеня пачало дзейнічаць літоўска-расейскае пагадненьне пра новы парадак транзыту грамадзянаў Расеі праз Літву ў Калінінградзкую вобласьць і назад. Цяпер расейцам патрэбны так званы спрошчаны праязны дакумэнт, безь якога на літоўскую тэрыторыю ня пусьцяць.

У першы ж дзень новых правілаў зь цягніка Масква-Калінінград на літоўска-беларускай мяжы літоўскія памежнікі высадзілі 9 пасажыраў, а з другога па ліку цягніка Чалябінск–Калінінград – 47 чалавек, сярод якіх былі дзеці й цяжарныя жанчыны. Усяго ў другім цягніку было 160 пасажыраў. Гэта значыць, што больш за чвэрць зь іх не даехалі да Калінінградзкай вобласьці, а затрымаліся паміж Літвой і Беларусьсю.

Як перадаў карэспандэнт агенцтва BNS зь літоўскай памежнай станцыі Кяна, затрыманыя на мяжы жанчыны плакалі й патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі Расеі. Транзытныя пасажыры кажуць, што ня ведалі пра новыя правілы праезду й ня маюць грошай на зваротны шлях празь Беларусь у Расею. Агенцтва BNS паведаміла: “Высаджаныя пасажыры былі ўсаджаныя ў цягнік, які ехаў у Беларусь”. Кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Альгімантас Сангайла, які сачыў за гэтай працэдурай, сказаў журналістам: “Сумна, але неабходна выконваць закон”. Міністар унутраных справаў Літвы Віргіліюс Буловас, які таксама знаходзіўся на мяжы зь Беларусьсю, зазаначыў, што колькасьць затрыманых пасажыраў сьведчыць пра тое, што расейская чыгунка не інфармавала сваіх кліентаў пра новыя правілы транзыту.

Так альбо інакш, Беларусь цяпер уцягнутая ў разьвязаньне праблемаў расейка-літоўскага транзыту. Затрыманыя пасажыры дагэтуль знаходзяцца на беларускай станцыі Гудагай. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэсавага цэнтру памежных войскаў Беларусі Васіль Кіптэнка:

(Кіптэнка: ) “Не было часовых візаў, якія дзейнічаюць ад сёньняшняга дня. Цяпер, відаць, выдадуць, і яны паедуць далей. Яны знаходзяцца ў пункце пропуску Гудагай-1 – больш за 40 чалавек. Гэта іхная справа, куды яны паедуць. Я думаю, калі праехаў паў-Расеі, дык, натуральна, засталося мала, Калінінград тут побач – яны будуць спрабаваць ехаць туды”.

Спадар Кіптэнка парэкамэндаваў зьвярнуцца па камэнтар у беларускае МЗС, прэсавы сакратар якога Андрэй Савіных зазначыў, што беларускіх грамадзян сярод затрыманых пасажыраў няма, таму што ім патрэбныя транзытныя літоўскія візы. Перамовы пра спрашчэньне рэжыму паездак грамадзян Беларусі ў Калінінградзкую вобласьць ідуць, але вынікаў пакуль няма, сказаў спадар Савіных.

Колькі ж каштуе для грамадзяніна Беларусі транзытная віза праз Літву? У літоўскай амбасадзе ў Менску паведамілі:

(Супрацоўніца консульскага аддзелу: ) “У адзін бок толькі калі ехаць – 10 эўра за тыдзень афармленьня, 35 эўра за тры дні афармленьня. Калі туды й назад – 25 эўра за тыдзень афармленьня, 50 эўра за тры дні афармленьня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG