Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі сёньня разглядаў пазоў прадпрыемства “Марат”, якое выдае “Белорусскую деловую газету” і яе дадатак “Для служебного пользованія”, з патрабаваньнем скасаваць папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за артыкул “Магічны крышталь”. Там распавядалася пра махінацыі на менскім лікёра-гарэлачным заводзе “Крышталь” з удзелам фірмы “Афганвет”, якая створаная вэтэранамі афганскай вайны. Кіруе арганізацыяй беларускіх афганцаў Віктар Шэйман, ён жа генэральны пракурор Беларусі. А падставай для папярэджаньня газэце за артыкул “Магічны крышталь” стаў ліст за подпісам спадар Шэймана.
Сёньня ў судзе прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, якія паводле закону вымушаныя абгрунтоўваць законнасьць свайго папярэджаньня, двойчы заяўлялі хадайніцтва далучыць да судовага працэсу Пракуратуру Беларусі – спачатку як трэцюю асобу, а потым як сьведку. Але судзьдзя Валер Шобікаў абодва хадайніцтвы адхіліў, хаця й пагадзіўся адкласьці разгляд справы на тыдзень. Прадстаўнікі газэты мусяць прадставіць суду доказы праўдзівасьці апублікаваных зьвестак. Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 8 ліпеня а 10-й гадзіне раніцы.