Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ВАЙТОВІЧ ЗАСТУПІЎСЯ ЗА ЛІЦЭІСТАЎ І НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ ГАЗЭТЫ

Валер Каліноўскі, Менск

Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандар Вайтовіч не ўхіляўся ад вострых пытаньняў. Пра закрыцьцё Беларускага гуманітарнага ліцэю ён заявіў:

(Вайтовіч: ) “Што тычыцца Беларускага ліцэю, мая думка такая: неабходна забясьпечыць магчымасьць гэтым дзецям вучыцца ў беларускамоўным ліцэі, як яны вучыліся да гэтага часу. Так у нас у Канстытуцыі запісана, што ў нас дзьве мовы дзяржаўныя, і кожны можа выбіраць мову навучаньня. Гэта мая пазыцыя, і я яе гатоў выказаць на любым узроўні”.

Аляксандар Вайтовіч лічыць таксама неабгрунтаваным закрыцьцё незалежных газэтаў. Апошнім часам улады закрылі 5 незалежных выданьняў:

(Вайтовіч: ) “Трэба вучыцца цярпімасьці адзін да аднаго. Калі мы будуем дэмакратычную дзяржаву, то мы павінны ведаць, што ў нас павінна быць усякая прэса. У нас у чацьвёртым артыкуле Канстытуцыі сказана, што дэмакратыя ў краіне развіваецца на аснове плюралізма палітычных поглядаў і ідэалёгіяў. А гэта значыць, што газэты павінны быць самыя розныя. Мы павінны цярпіма да гэтага адносіцца, і прэса апазыцыйная неабходная ў грамадзтве. Апазыцыя – гэта таксама нашыя грамадзяне . Я зыходжу з таго, што ў іх нейкія погляды, зь якімі я магу пагаджацца, а болей не пагаджацца. Але ж я ня думаю, што людзі дзейнічаюць такім чынам, каб нанесьці ўрон грамадзтву і краіне. Яны зыходзяць са свайго меркаваньня, сваёй думкі. А большасьць жа зь іх, як і наагул у грамадзтве, – гэта патрыёты сваёй краіны”.

Сьпікер Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч упэўнены, што гэтаксама цярпіма трэба ставіцца і да грамадзкіх арганізацыяў, такіх як гарадзенская “Ратуша” і гомельскія “Грамадзянскія ініцыятывы”. Адносна ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля спадар Вайтовіч яшчэ ня выпрацаваў сваёй канчатковай пазыцыі:

(Вайтовіч: ) “Самае важнае, што эканамічныя нашыя ўмовы яшчэ настолькі адрозьніваюцца ад эканамічных умоваў у Расеі, што вось тут самы галоўны пункт, на які мы павінны зьвярнуць увагу, якія будуць наступствы тут: калі мы пяройдзем на расейскі рубель, будзе гэта адразу нейкі штуршок для беларускай эканомікі і дасьць дадатковы стымул і дадатковую крыніцу для развіцьця эканомікі, ці спачатку прывядзе да нейкага застою і прыгнечаньня эканомікі Беларусі”.

Аляксандар Вайтовіч паведаміў, што ў любых інтэграцыйных праектах на постсавецкай прасторы Беларусь можа ўдзельнічаць выключна пры захаваньні свайго сувэрэнітэту і незалежнасьці, і што калі добра пойдзе інтэграцыя ў рамках “чацьвёркі”: Беларусь, Казахстан, Расея, Украіна,– то Беларусь магла б адмовіцца на яе карысьць ад саюзнай дзяржавы з Расеяй

(Вайтовіч: ) “Маё такое бачаньне, што калі б добра пайшлі інтэграцыйныя пытаньні вырашацца ў чацьвёрцы, то проста бы Беларусь улілася ў гэтую чацьвёрку, і тыя напрацоўкі, якія ў Расеі і Беларусі маюцца, яны маглі б быць распаўсюджаныя на “чацьвёрку”.

Аляксандар Вайтовіч таксама лічыць, што прыняцьце Канстытуцыйнага акту саюзу Беларусі і Расеі немагчымае, пакуль у Расеі адбываюцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, гэта значыць, да 2005 году, і што акрамя інтэграцыі ў рамках СНД, Беларусь павінна рухацца і насустрач Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG