Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УВЯДЗЕНЬНЕ Ў БЕЛАРУСІ БЕЗНАЯЎНАГА РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ АДКЛАДЗЕНАЕ


Віталь Тарас, Прага

Дырэктар дэпартамэнту сакратарыяту праўленьня – памочнік старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў удакладніў: “Адпаведны праект указу... быў ухвалены на прэзыдыюме Савету міністраў і на мінулым тыдні вернуты з адміністрацыі прэзыдэнта для дадатковага міжведасмаснага ўзгадненьня”. Паводле Дубкова, на ўзгадненьне спатрэбіцца ня меней за месяц, пасьля чаго праект указу зноў будзе прадстаўлены Лукашэнку. Прадстаўнік Нацбанку прагназуе, што да заканчэньня ліпеня рашэньне наўрад ці будзе прынятае.

На згаданую падзею апэратыўна адгукнуліся расейскія мэдыі. Пра яе пішуць сёньня ўсе буйныя інфармацыйныя інтэрнэт-выданьні. Нават дэпартацыя карэспандэнта НТВ Паўла Селіна зь Менску напярэдадні ня выклікала зь іх боку падобнай увагі. Многія сайты сёньня зьвяртаюць увагу на тое, што кіраўнік беларускага Нацбанку Пётар Пракаповіч яшчэ на мінулым тыдні запэўніваў, быццам усе мерапрыемствы ў рамках увядзеньня адзінай валюты Беларусі й Расеі выконваюцца згодна з плянам. Паводле пляну так званай эканамічнай інтэграцыі, увядзеньне ў паралельнае абарачэньне ў Беларусі безнаяўнага расейскага рубля – адзін з этапаў, які мусіў папярэднічаць пераходу Беларусі на расейскі рубель. Ужо ў наступным годзе беларуская валюта павінна была быць прывязаная да расейскай, а з 1 студзеня 2005 году рубель павінен быў стаць агульным платным сродкам Беларусі й Расеі.

Як падкрэсьлівае расейскае інтэрнэт-выданьне gazeta.ru, Нацбанк Беларусі сьцьвярджаў, што “ніякіх тэхнічных накладак ад новаўвядзеньня ня будзе, і платныя сыстэмы дзьвюх краінаў гатовыя да пераходу на адзіны платны сродак”. Інтэрнэт-газэта нагадвае, што ў мінулым месяцы былі зьнятыя, як здавалася ў Расеі, апошнія супярэчнасьці на шляху да двухбаковага пагадненьня: было вырашана, што Нацбанк захоўвае статус галоўнага банку Беларусі, але адмаўляецца ад эмісіі наяўнай валюты. У адказ на гэта расейскі Цэнтрабанк пагадзіўся вылучыць Нацбанку стабілізацыйны крэдыт у 150 мільёнаў даляраў.

Аднак, два тыдні таму, піша gazeta.ru, на апошняй нарадзе адносна валютнай інтэграцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўвядзеньне адзінай валюты у рамках саюзнай дзяржавы ня ёсьць самамэтай для Беларусі. “Галоўным у гэтым пытаньні зьяўляецца забесьпячэньне далейшага росту эканомікі і падвышэньне дабрабыту народу. Калі мы будзем бачыць гэта на даляглядзе, мы пойдзем на ўвядзеньне адзінай валюты. Калі Беларусь і Расея ня будуць гэтага бачыць, дык ні Беларусь, ні Расея на гэта ня пойдуць”, – заявіў Лукашэнка. І дадаў: “Я катэгарычна не прымаю матывацыі расейскага боку. Яна была выказаная так: калі вы пераканаецеся, што мы вас падманваем, дык вы можаце выйсьці з адзінай рублёвай зоны і зноў вярнуцца да сваіх грошай. Аднаго разу мы ўжо выйшлі з рублёвай зоны, калі разваліўся Савецкі Саюз, і выйшлі без штаноў”, – цытуе ранейшае выказваньне кіраўніка Беларусі расейскае Інтэрнэт-выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG