Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКАМ МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ БЮДЖЭТ ВІНЕН 10 МІЛЬЯРДАЎ РУБЛЁЎ АДПУСКНЫХ ГРОШАЙ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Магілёўскія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што вялікія сумы “жывых” грошай цяжка знайсьці ў бюджэтах, і на выплаты настаўніцкіх адпускных выпадае браць банкаўскія крэдыты. Таму, як і ў апошнія гады, улада плаціць адпускныя часткамі і зь вялікімі затрымкамі.

Настаўнік Бялыніцкай сярэдняй школы № 1 Уладзімер Лахцікаў у адпачынку з 9 чэрвеня, аднак да гэтага часу ён не атрымаў ні адпускных, ні заробку за травень.

(Лахцікаў: ) “Абяцаюць, што дадуць – як заўжды. Цяперашні эканамічны стан гаворыць на тое, што цяжка з адпускнымі. Немагчыма сказаць канкрэтна, што і калі мы атрымаем”.

У іншым сельскім раёне Магілёўшчыны – Мсьціслаўскім, на апошняй сэсіі райсавету кіраўнік “вэртыкалі” з трыбуны прызнаў, што знайсьці грошы для выплаты адпускных і заробкаў настаўнікам было і застаецца вялікай праблемай. Затрымкі адпускных сталі звычайнай практыкай, гаворыць настаўнік Сялецкай сельскай школы Мсьціслаўскага раёну Аляксандар Галакціёнаў.

(Галакціёнаў: ) “У прыватнасьці, я сёньня тэлефанаваў у свой банк – у мясцовае вясковае аддзяленьне Беларусбанку, запытаў, калі ж я атрымаю свае грошы, і мне адказалі, што гэта невядома, і ў найбліжэйшы час гэта не прадбачыцца”.

Гучных настаўніцкіх пратэстаў у сувязі з затрымкамі грошай, якія згодна з законам належна выплаціць да пачатку адпускоў, няма. Настаўнікі тлумачаць, што, як бы яны не пратэставалі, грошай ня будзе ўсё роўна.

(Лахцікаў: ) “Настаўнікі, сама інтэлегенцыя павінна быць самым прагрэсіўным насельніцтвам, але ж у нас гэта ідзе з савецкіх часінаў – заўжды настаўнікі былі падмуркам для ўлады”.

Настаўнікі баяцца беспрацоўя, бо зараз ідзе скарачэньне сфэры адукацыі. Аляксандар Галакіцёнаў гаворыць, што гэта ў першую чаргу датычыцца сельскіх настаўнікаў.

(Галакціёнаў: ) “Яны вельмі запалоханыя. Фактычна акрамя школы, ім больш няма дзе будзе ўладкавацца на працу. У калгасах людзі атрымліваюць мізэрныя заробкі. Пагэтаму яны так сябе паводзяць”.

Паводле меркаваньня Аляксандра Галакціёнава, толькі прыкладна дзясятая частка настаўнікаў, і гэта ў асноўным маладыя пэдагогі, не жадаюць мірыцца з затрымкамі заробкаў і адпускных. Іх больш сталыя калегі раяць моладзі трываць, каб ня стала яшчэ горш. Настаўнік Галакціёнаў лічыць, што гэта і абумоўлівае раўнадушнае стаўленьне ўладаў да праблемаў настаўнікаў.

(Галакіёнаў: ) “Ну, ня выплаціцлі сёньня настаўнікам зарплату, яны гэта праглынулі. Значыць, наступным разам таксама ня выплацім у тэрмін – яны зноў праглынуць. Улада не чакае ніякага пратэсту з боку настаўнікаў, таму так і дзейнічае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG