Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІ ЎРАД ЗАКРЫВАЕ АПОШНЮЮ ШКОЛУ ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ НАВУЧАНЬНЯ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Gazeta Wyborcza” адзначае, што “вучні Дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю на сваёй Радзіме ня могуць годна скончыць навучаньне на роднай мове. Ліцэісты нават зьвярнуліся да ўрадаў шэрагу іншых дзяржаваў з просьбай абараніць іхную навучальную ўстанову, бо свой урад ня можа гарантаваць ім права вучыцца па-беларуску”.

Польскі штодзёньнік піша, што праз 13 гадоў пасьля свайго заснаваньня гуманітарны ліцэй ў Менску застаўся адзінай выспай беларускасьці ў сфэры адукацыі, на існаваньне якой цяперашнія ўлады і дагэтуль зь цяжкасьцю пагаджаліся. Там заўсёды панаваў “вольны дух”, а сярод выкладчыкаў былі нават вядомыя апазыцыйныя дзеячы, як, прыкладам, перакладчык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі.

Газэта прыгадвае, што аднойчы, у 1997 годзе, ліцэй ўжо ледзь ня выкінулі на вуліцу, бо будынак, у якім месьціцца гэтая навучальная установа, спадабаўся адміністрацыі прэзыдэнта. А цяпер, нягледзячы на пратэсты настаўнікаў, навучэнцаў і іхных бацькоў, улады зьмянілі заснавальніка і шматгадовага дырэктара ліцэю Ўладзімера Коласа на чалавека, які нават не гаворыць па-беларуску.

“Gazeta Wyborcza” адзначае таксама, што загад аб зьменах у статусе ліцэю быў падпісаны акурат у дзень пахаваньня вялікага беларускага пісьменьніка Васіля Быкава, які незадоўга да сваёй сьмерці заклікаў бараніць ліцэй да апошняга.
XS
SM
MD
LG