Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАХАВАНЬНЕ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Ул. інф.

(Айцец Андрэй Абламейка: ) “Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды навекі вякоў. Усявышні супакоіць тваю душу і адорыць цябе вечным збаўленьнем, дзе найсьвяцейшая Багародзіца Маці Божая, усе сьвятыя і анёлы. Прымі гэты дар Божай любові ў імя айца і сына, і духа сьвятога”.

(Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч: ) “Родныя Васіля Ўладзімеравіча! Блізкія! Сябры! Шаноўнае спадарства! Вось мы і прайшлі апошнім жыцьцёвым шляхам Васіля Ўладзімеравіча. Гэты шлях сымбалічны, як і ўсё жыцьцё нашага народнага пісьменьніка Беларусі. Мы вынесьлі труну зь целам Васіля Ўладзімеравіча, труну народнага песьняра, народнага пісьменьніка Беларусі з Дому літаратара, мы данесьлі цела непераможнага салдата да плошчы Перамогі. Мы данесьлі цела славутага пісьменьніка нашай нацыі да плошчы нацыянальнага песьняра Якуба Коласа.

Мы правезьлі цела Васіля Ўладзімеравіча, грамадзяніна і патрыёта па галоўным праспэкце сталіцы нашай Беларусі, праспэкце, які носіць імя кніжніка Францішка Скарыны. Гэты наш шлях быў асьветлены нашым высокім родным беларускім небам, якое, нібыта зьлітаваўшыся з нас, не дало нам сёньня дажджу. Гэты наш сымбалічны шлях быў асьветлены нацыянальнай сымболікай, у якой вечнасьць нашай нацыі, у якой кроў пана Ісуса Хрыста на плашчаніцы Гасподняй.

Сёньня знакавы дзень у гісторыі нашай нацыі. На жаль, гэты знакавы дзень у такой жалобе, апісаць якую словаў не хапае. Першым прапануецца выступіць на нашым жалобным мітынгу пісьменьніку, сябру Васіля Ўладзімеравіча Быкава, ляўрэяту Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Сяргею Іванавічу Законьнікаву”.


(Сяргей Законьнікаў: ) “Дарагі Васіль Уладзімеравіч! Прабачце мне, што я трошкі пакарыстаюся паперай. Тут ёсьць, ёсьць для гэтага прычына. Дарагая Ірына Міхайлаўна! Дарагая Валянціна Ўладзімераўна! Сыны! Унукі! Усе родныя, блізкія Васіля Ўладзімеравіча! Шаноўная грамада! 21 стагодзьдзе для нашай роднай Беларусі пачалося зь неймаверна цяжкой страты. Мабыць, гэта самая страшная страта і застанецца на ўсё 21 стагодзьдзе. Мы хаваем сёньня ня толькі выдатнага пісьменьніка сучаснасьці, але і заступніка, дарадцу, настаўніка; хаваем чалавека, да якога імкнуліся і ў сьветлы час, і ў чорныя дні душы і сэрцы беларусаў, прадстаўнікоў усіх нацыянальнасьцяў, якія жывуць у беларускай народнай сям’і, і мільёны людзей ва ўсім сьвеце.

Вышэйшая воля дала нараджэньне, правяла сьціплага сялянскага хлопца з Ушаччыны праз вайну, праз усе выпрабаваньні, каб ён змог акумуляваць у сабе столькі мужнасьці, столькі мудрасьці, столькі дабра для людзей, выявіць празь літаратуру глыбока і поўна характар беларускага народу. Сілавое поле мастацкага генія Васіля Быкава прыцягвае людзей, яно вучыць усіх нас любіць жыцьцё, не марнаваць зямны час на пустое, сьпяшацца рабіць дабро, мужна атстойваць праўду і справядлівасьць.

У гісторыі беларускага народу было шмат глябальных узрушэньняў, якія ставілі на кон само яго існаваньне. Вынікам гэтых узрушэньняў станавілася новае татальнае падаўленьне нацыянальнай сьвядомасьці, зьвядзеньне чалавечага жыцьця да прымітыўнага, элемэнтарнага біялягічнага выжываньня. Нешта падобнае адбываецца з намі і цяпер.

Васіль Быкаў заўсёды бачыў жыцьцё свайго народу не такім. Ён бачыў яго годным, разумным, заможным і шчасьлівым. Вось чаму ён так самаддана адстойваў, змагаўся ў творчасьці й жыцьці за незалежнасьць Беларусі, за тое, каб мы занялі свой пачэсны пасад між усімі народамі.

Ён кожнаю крывінкаю свайго сэрца любіў Беларусь — свой родны дом. У апошнія гады Васілю Ўладзімеравічу давялося пакінуць гэты дом. І трэба падзякаваць усім добрым людзям за мяжою, якія прытулілі геніяльнага пісьменьніка, якія далі магчымасьць яму на старасьці гадоў спакойна жыць і працаваць. Але душа і сэрца Быкава былі тут.

У пісьмах да мяне Васіль Уладзімеравіч піша: “Усё болей прыходжу да элемэнтарный высновы: трэба жыць дома. Каб тое толькі было б магчымым. Дома лепей, канечне. Але для тых, у каго ёсьць людзкі дом. Мы жа яго ня маем. А адносіны да бяздомных у сьвеце — вядома якія”. Гэтак пісаў Васіль Уладзімеравіч пра народ, які яшчэ не нарадзіўся.

Гэта, на жаль, так, але хочацца спадзявацца, што гэтыя горкія словы, зь якімі Быкаў адышоў у вечнасьць, скалануць здранцьвелыя, запалоханыя душы беларусаў. Мы павінныя выканаць запавет усіх сваіх слаўных папярэднікаў, запавет Васіля Быкава і пабудаваць свой утульны беларускі дом, сваю незалежную Беларусь.

Я калісьці напісаў чатыры радкі такіх, верш такі кароткі “Воля” і прысьвяціў яго Васілю Ўладзімеравічу. Ён гэты верш ведае.

Пра гэта я думаю зараз найболей,
Адпрэчыўшы новай хлусьні каламуць.
Якая ты усё ж неацэнная, воля,
Калі за скарынку цябе прадаюць.

Як бы хто ні хацеў прынізіць нашую беларускую нацыянальную чалавечую годнасьць, растаптаць нашу мову, культуру, усё нашае духоўнае багацьце і выставіць нас перад усім сьветам нягеглымі людзьмі, якія без дапамогі нейкага суседа, нейкага дабрадзея ня могуць пражыць на белым сьвеце — гэта зрабіць нікому ня ўдасца. Мы, беларусы, надзвычай багатыя людзі, мы маем Васіля Быкава. Я кажу “маем”, таму шта прарок, анёл, заступнік пасьля зямнога жыцьця не памірае. Ён назаўсёды застаецца са сваёй Айчынай, са сваім народам.

Бывайце дарагі, любімы ўсімі намі Васіль Уладзімеравіч! І прабачце за ўсе пакуты, за пакуты маральныя, за пакуты фізычныя, якія Вам, зраненаму салдату, абаронцу нашай Радзімы, тонкай душы мастаку давялося за сваё жыцьцё вытрымаць. Мы заўсёды будзем помніць Вас”.


(Старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга: ) “Любая Бацькаўшчына! Шаноўнае спадарства! Дарагія родныя! Сёньня мы разьвітваемся з Васілём Быкавым. Можна сказаць шмат вельмі станоўчага, вельмі чалавечага і добрага аб гэтым чалавеку. Але ж, што б мы ні сказалі й колькі б ні сказалі, то ўсё гэта аб’ядноўваецца імём і прозьвішчам: Васіль Быкаў. Ён — наша мужнасьць, ён — наша разуменьне праўды, ён — наша сумленьне, ён — на што многія з нас арыентаваліся і арыентуюцца ў жыцьці. Ён адыходзіць.

Кожны з нас аддаў бы часьціну сябе, каб можна было гэтым самым утрымаць яго на гэтым сьвеце яшчэ некалькі хвілін, часін, гадоў… Але няма магчымасьці адкупіцца ні ў Бога, ні ў лёсу, ні ў хваробы.

Васіль Уладзімеравіч! Твая душа яшчэ з намі, яна лунае над намі ў гэтым небе, якое над табою, паміж гэтых дрэваў. Яна, твая душа, яшчэ на гэтай зямлі, якую так ты моцна любіў! І хай яна чуе наш апошні зварот!

Васіль! Калі надарыцца быць там і сустрэць душы нашых выдатных сыноў Беларусі, пачынаючы ад Эўфрасіньні, Скарыны, Буднага Сымона, Цяпінскага, Цёткі, Караткевіча, Каліноўскага, Коласа, Купалы, перадай ім, што Беларусь яшчэ жыве і будзе жыць, пакуль у яе ёсьць, былі і будуць такія сыны як сам Васіль Быкаў і як тыя папярэднікі, якіх я назваў і якіх яшчэ шмат у нашай гісторыі.

Бывай, наш любы чалавеча! Мы цябе будзем доўга-доўга помніць! І прабачай нас, калі мы чымсьці пры жыцьці табе не дапамаглі. І хай цябе ўшануе там, у тым жыцьці, Гасподзь Бог! Хай ён цябе прабачыць усё тое, пра што тут казалася ў малітве, бо не бязгрэшныя. Але для нас ты сьвяты чалавек, сьвяты ў сваіх творах, у сваіх учынках, сьвяты душою, сьвяты сэрцам, сьвяты розумам. Бывай, дружа! Бывай, дарагі чалавек!”


(Старшыня Канфэдэрацыі творчых саюзаў Беларусі Іван Вашкевіч: ) “Людзі добрыя! Ірына Міхайлаўна! Апошнія словы… Магчыма, сёньня і адбудзецца тая клятва тым думкам, памкненьням, ідэям Васіля Быкава. А яны вельмі простыя: быць гаспадарамі на сваёй зямлі, стварыць свой агульны дом, дзяржаву, за якую б не было сорамна перад сусьветам; шанаваць і дружыць з усімі суседзямі, якія нас паважаюць.

Пры жыцьці клясык — беларус, які пайшоў у сьвет белы… Трэба жыць, каб выканаць гэтыя запаветы. Жыве і будзе жыць Беларусь! Зямля пухам Вам і дай Вам Бог царства нябеснага”.


(Пісьменьнік, ляўрэат Беларускай дзяржаўнай прэміі Анатоль Кудравец: ) “Вялікая жалоба прыйшла на беларускую зямлю: памёр Васіль Быкаў, памёр чалавек, адно імя якога было гарантам, што Беларусь жыве. Беларусь хварэе, але Беларусь змагаецца за сябе, за самую сябе, за сваю незалежнасьць, за сваю будучыню, за дзяцей сваіх, за сваю памяць, за сваю родную мову. Памёр пісьменьнік, кожнае слова якога было словам жорсткай, балючай, але лячэбнай праўды, праўды без ілюзіяў і ружовага туману.

Памёр патрыёт, кожнае імгненьне жыцьця якога адданае за змаганьне, за шчасьце свайго народу, за тое, каб народ нарэшце ўстаў з кален на свой поўны вялікі заслужаны рост. Памёр прарок. Я назваў бы яго сумным прарокам. І не віна прарока, што ён сумны. Бо такое сумнае кругом жыцьцё. Бо такія нярадасныя наперадзе пэрспэктывы.

Сваім розумам, сваёй інтуіцыяй Васіль Быкаў угадваў, прадчуваў тую чарнату, якая толькі зараджалася ва ўладных галовах, ва ўладных структурах і стараўся папярэдзіць аб гэтым людзей. Ён не хацеў, каб чорнае засланяла сьветлае. Ён не хацеў бачыць свой народ у хлусьні і бязьвер’і. Гэта быў чалавек, які ўсёй натурай сваёй, усім сваім жыцьцём, цяжкім, але прыгожым, упарта паказваў хлусьлівасьць такой выгаднай уладзе казачкі пра вечна памяркоўнага, прыніжанага і бязвольнага беларуса.

У сваіх творах ён расказаў пра беларуса-патрыёта, беларуса-змагара, у грудзях якога, нават у цяжэйшай сытуацыі, на мяжы жыцьця і сьмерці, б’ецца агонь непакоры, агонь змаганьня, веры ў перамогу. Гэты агонь нязгасна жыў у яго сэрцы. Ён ня ўмеў хавацца за чужыя плечы, ён прайшоў сваё жыцьцёвае міннае поле годна, не згінаючыся, ня робячы крутых палахлівых віражоў.

Пайсьці і не вярнуцца — як быццам прадракаў яму лёс. А ён пайшоў і вярнуўся. Гэта шчасьце для Беларусі, што ў далёкім 1943 годзе, у засьнежаных стэпах Кіраградчыны нямецкі танк не растаптаў яго. Тым самым Бог пакінуў яго жыць, жыць для Беларусі, жыць для беларускага народу, жыць для сусьветнай культуры. Бог прывязаў яго, як галерніка для той работы, якая была пад сілу толькі яму. І гэтую работу ён мужна, цярпліва, настойліва рабіў і зрабіў.

Доўгая была яго дарога дадому, доўгая — на ўсё жыцьцё. Ён вярнуўся ў Беларусь і пайшоў дадому, пайшоў туды, адкуль не вяртаюцца, пайшоў у вечнасьць.

Як салдат, які перажыў вайну, ён не любіў бравурных маршаў. Ён любіў цішыню. Як чалавек і мастак ён любіў усе колеры жыцьця. Але як патрыёт ён аддаў перавагу двум колерам: беламу і чырвонаму. Дак пасадзім жа на яго магіле белыя і чырвоныя кветкі й будзем даглядаць, каб яны ніколі не завялі! І пакладзем пучок палявых васількоў. Ён вельмі любіў іх. Бывай, дарагі Васіль Уладзімеравіч! Хай мяккім пухам будзе табе наша родная беларуская зямелька! Бывай!”


(Старшыня расейскага Саюзу пісьменьнікаў Масквы Юры Чарнічэнка: ) “Я магу гаварыць толькі ад гораду Масква, таму што выступаю як старшыня Саюзу пісьменьнікаў толькі ад Масквы, а Расея — яна на 10 гадзінавых паясоў. Дзякуй Беларусі, што яна нарадзіла такога вялікага настаўніка, апостала і прарока, які зьбіваны — звычайна дома прарока зьбіваюць камянямі сувымернымі, хто якое сумленьне мае і галаву на плячах. Дзякуй “Новому миру” Твардоўскага, які падняў напісанае з Горадні да сусьветнага ўзроўню, і пакараны быў “Новый мир” і Твардоўскі, і сьмяротную кару прыняў за такіх як Быкаў, якога і вывеў на ўзровень сусьветны.

Дзякуй ад усёй душы за вяртаньне паветра свабоды, якім я сёньня дыхаю ўвесь дзень. Гэта паветра нашага жніўня 1991-га, таму што такой дэманстрацыі волі й адданасьці, прыстойных твараў я даўно ня бачыў, таму што гэта было ў сумны дзень сьвята. Нехта можа танчыць у гэты дзень як карась на патэльні — гэта ягонае гора, але такія ўсенародныя праводзіны, якія Менск наладзіў свайму вялікаму і настаўніку, які нікому не даруе, — гэта было сьвята. Я жадаю вяртаньня гэтага паветра майму гораду, дзе ўжо сорак гадоў я жыву ў гарах, Вераб’ёвых гарах.

Я ўдзячны гэтым тысячам ці дзясяткам тысяч чалавек, якія зьдзейсьнілі — што там казаць “грамадзянскі …” — якія былі людзьмі. І гэтага дабіваўся ад чалавека Сотнікаў, які ў сьвеце, у побыце зваўся Быкаў Васіль Уладзімеравіч. Даруй, калі што ня так…”


З разьвітальным словам таксама выступілі Станіслаў Шушкевіч, Валеры Фралоў і Ўладзімер Арлоў. Рэдакцыя будзе ўдзячная за прадстаўлены запіс іх выступаў.
XS
SM
MD
LG