Пра падзеі апошніх дзён у Беларусі – пра пахаваньне Васіля Быкава, пра ягонае значэньне для краіны, пра дэпартацыю зь Беларусі карэспандэнта НТВ Паўла Селіна – Аляксандар Лукашэнка не сказаў фактычна нічога. Пра Быкава ён не згадаў увогуле, а пра расейскія СМІ казаў толькі апісальна, што, маўляў, гэтыя СМІ – гэта зброя масавага знішчэньня, што інфармацыйная вайна супраць Беларусі ніколі не спынялася і кіравалася яна Крамлём, што цяпер зноў назіраецца яе ўспышка, бо Расея хоча купіць задарма беларускія прадпрыемствы: “Расейскія алігархі шаблі востраць ля беларускіх межаў і страляюць сваімі вачыма на нашыя прадпремствы...”
Пра ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што адзіная валюта – гэта вянец эканамічнай інтэграцыі, але Расея адмаўляецца выконваць свае абавязкі ў рамках саюзу, таму справа з валютай выглядае няпэўна. Лукашэнка па-ранейшаму настойвае на нейкай саюзнай валюце з 2008 году, зыходзіць з таго, што гэтую валюту ўвядуць і іншыя краіны былога СССР. Увогуле А. Лукашэнка выглядаў вельмі расчараваным станам сваіх адносінаў з Расеяй.
Фармальная падстава для інтэрвію – дзень незалежнасці Беларусі, які цяпер адзначаецца 3 ліпеня. Лукашэнка заявіў, што гатовы бараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, прычым самымі радыкальнымі сродкамі, але ў ягоным уяўленьні сувэрэнітэт краіны – гэта і ўласныя органы ўлады, ён зазначаў, што інстытут прэзыдэнцтва – гэта ўжо сур’ёзны элемэнт сувэрэнітэту. Разважаньні Лукашэнкі пра сувэрэнітэт вельмі супярэчлівыя. Ён запэўніваў, што трэба захаваць той кавалак зямлі, які маюць беларусы, каб яны маглі ім распараджацца. А з другога боку зазначаў, што жыццьцё рухаецца да сьціраньня межаў паміж народамі, да стварэньня нейкага ўсеплянэтарнага народу.
Пра рэфэрэндум аб працягу ягоных паўнамоцтваў Аляксандар Лукашэнка не казаў, але ён і журналісты дзяржаўных тэлеканалаў усяляк падкрэсьлівалі, што ў Беларусі важныя праблемы вырашаюцца ўсенародна, на рэфэрэндумах, што рэфэрэндумы праходзяць у краінах, якія ўступаюць у Эўразвяз – гэткае прывучваньне выбаршчыкаў да ідэі чарговага рэфэрэндуму ў краіне.
Падчас інтэрвію Лукашэнка разьвіў сваю тэорыю аб тым, што Беларусь ёсьць духоўным лідэрам усходнеэўрапейскай цывілізацыі. Ён зазначыў, што Беларусь не імкнулася да гэтага адмыслова і не прысвойвала гэтую ролю, але так сталася, паколькі Беларусь захавала максымальную колькасьць вартасьцяў сацыялістычных часоў, калектывізм і г.д. Ён запэўніў, што Беларусь ня будзе спыняцца, а будзе разьвіваць гэтыя вартасьці і імкнуцца іх пашыраць у постсавецкай прасторы і ва Ўсходняй Эўропе.