Апэрацыя ёсьць рэакцыяй на ўсё большую колькасьць узброеных нападаў на кааліцыйныя сілы ў Іраку. Ад 1-га траўня, калі прэзыдэнт Джордж Буш афіцыйна паведаміў пра заканчэньне вайны супраць рэжыму Садама Хусэйна, у сэрыі атакаў загінулі больш за 20 амэрыканцаў. Яшчэ ўчора, у часе нападу на канвой ў Багдадзе, два амэрыканскія вайскоўцы былі параненыя, а адзін іракец загінуў. У пятніцу былі знойдзеныя целы двух салдатаў, якія зьніклі бязь вестак чатыры дні раней. Мяркуецца, што атакі праводзяць расьцярушаныя рэшткі партыі Баас і фэдаіны. Яны атакуюць таксама тых сваіх суайчыньнікаў, якія супрацоўнічаюць з кааліцыйнымі сіламі. Паводле кіраўніка часовай адміністрацыі Іраку Пола Брэнэра, для здушэньня супраціву вельмі важна было б арыштаваць самога Хусэйна, які, праўдападобна, усё яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Іраку.
На думку амэрыканскага генэрала Томі Фрэнкса, атакі супраць амэрыканцаў не азначаюць, што можна ставіць пад сумнеў перамогу амэрыканцаў ў Іраку.
(Фрэнкс: ) “Ці праблемы ў Іраку і атакі сапсуюць перамогу дасягнутую амэрыканцамі? Зразумела, не. Не падлягае сумневу, што рэжым Хусэйна зрынуты. Ясна і тое, што 25 ці 26 мільёнаў іракцаў чакае лепшая будучыня, чым 3-4 месяцы таму. Пэўнае і тое, што ў прадказальнай будучыні кааліцыйныя сілы застануцца ў Іраку, каб дапамагчы іракцам сфармаваць свой ўласны ўрад і ўзяць справы ў свае рукі. Дык, ці перамога сапсаваная? Не, абсалютна не. Аднак у Іраку яшчэ шмат прыйдзецца зрабіць. У гэтым можна быць упэўненым”.
Паводле Пэнтагону, у апэрацыі супраць сілаў, верных Хусэйну, задзейнічаныя больш за 27 тысячаў салдатаў з 4-й дывізіі пяхоты, а таксама вялікая колькасьць гелікоптэраў і бронетранспартэраў. Амэрыканцы скантралявалі вялікую колькасьць аб’ектаў у 20 мясцовасьцях, затрымалі агулам 319 чалавек і канфіскавалі вялікую колькасьць зброі. Сярод затрыманых – былы супрацоўнік разьведвальных службаў Амір Ісмаэль Мухамад, пры якім знойдзена 5 розных пэрсанальных дакумэнтаў, а таксама дакумэнты, датычныя ракетных установак. Агенцтва Associated Press паведаміла пра затрыманьне іракца, якія вэрбаваў маладых людзей для атакаў супраць амэрыканцаў.
Кіраўнік часовай адміністрацыі Іраку Пол Брэнэр не выключае, што ў найбліжэйшы час нападаў на каліцыйныя сілы можа быць болей, аднак супраціў з боку часткі іракцаў і выпадкі сабатажу не напалохаюць ягоную адміністрацыю і ня спыняць працэс адбудовы кріаны. Брэнэр паведаміў, што шэраг іракцаў супрацоўнічаюць з амэрыканцамі і пастаўляюць інфармацыю наконт сілаў, ляяльных у дачыненьні да былога рэжыму.
Паводле Пола Брэнэра, у цяперашнім каляпсе ірацкай эканомікі вінаваты рэжым Садама Хусэйна, які заміж інвэстыцыяў у эканоміку краіны купляў зброю і будаваў прэзыдэнцкія палацы. Адбудова Іраку будзе патрабаваць міжнароднай дапамогі, – сказаў Брэнэр. Ён паведаміў, што адміністрацыя ўжо робіць канкрэтныя крокі дзеля вяртаньня нармальнага жыцьця ў Іраку. Па ўсёй краіне вядзецца адбудова многіх аб’ектаў. Неўзабаве пачнуць атрымліваць заробкі 1 мільён 300 тысячаў дзяржаўных службоўцаў, а таксама 200 тысячаў афіцэраў і прызыўнікоў. Ўжо выдаткавана 150 мільёнаў даляраў на закупку ў фэрмэраў пшаніцы і ячменю, а 200 мільёнаў даляраў будуць выдаткаваныя на стварэньне новых працоўных месцаў.
Амэрыканскія палітыкі згодныя ў тым, што складаная пасьляваенная сытуацыя ў Іраку будзе патрабаваць працяглай прысутнасьці міжнародных сілаў. ЗША хацелі б прыцягнуць да ўдзелу ў стабілізацыйных сілах як мага болей краін, у тым ліку тыя, якія рашуча супраціўляліся ваеннай апэрацыі супраць Іраку. Цяпер у Іраку знаходзіцца прыблізна 150 тысячаў амэрыканцаў. Сэнатар Джозэф Байдэн, дэмакрат са штату Дэлавэр, выказаў думку, што пэўная колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў павінна заставацца ў гэтай краіне як мінімум цягам пяці гадоў. На думку сэнатара Джона Мак-Кэйна, рэспубліканца са штату Арызона, будучая адміністрацыя Іраку павінна быць як мага больш прыязная ў дачыненьні да амэрыканцаў.