Пасьля чарнобыльскай катастрофы ў рэгіёне засталіся 83 могільнікі радыеактыўных адкідаў. Разам з санітарнымі зонамі яны займаюць агулам 600 гектараў. Да прыкладу, у Брагінскім раёне восем радыяцыйных пахаваньняў, у Веткаўскім — ажно 23. Па сутнасьці, ля кожнай выселенай вёскі — сваё пахаваньне.
Пасьля дэкрэту кіраўніка дзяржавы пра падвышэньне падатку на зямлю і адмены ў гэтай сувязі права райвыканкамаў даваць усялякія льготы, падаткоўцы і сталі выстаўляць прэтэнзіі спэцпрадпрыемству “Палесьсе”, патрабуючы плату за зямлю, што займаюць могільнікі.
Распавядае дырэктар спэцпрадпрыемства “Палесьсе” Юры Павераны:
(Павераны: ) “Яны з 1 ліпеня пачнуць мяне бамбаваць. А іхнае бамбаваньне вядомае: падатковая інспэкцыя выстаўляе рахунак і сьпісвае грошы. Пасьля падаткаў на зямлю мы застаемся ні з чым. Сьпісваюць амаль 146 мільёнаў рублёў. Гэта бюджэтныя грошы. Сёлета нам далі зь бюджэту 70 мільёнаў рублёў на догляд і кантроль за могільнікамі. 215 мільёнаў прадугледжана на дэзактывацыю забруджаных тэрыторыяў установаў адукацыі — спартовых школаў, дзіцячых садкоў у Нараўлянскім, Хойніцкім, Веткаўскім, Кармянскім раёнах. Яшчэ мы хаваем у зямлю выселеныя дамы. На гэта далі 350 мільёнаў”.
Паводле словаў спадара Паверанага, сродкаў на дэзактывацыю забруджаных тэрыторыяў бракуе кожны год. Калі да гэтага прыплюсаваць цяперашнія падаткі на зямлю, то хаваць забруджаныя у рэгіёне пабудовы і ачышчаць тэрыторыі школьных установаў ад радыяцыі давядзецца яшчэ прыкладна тры дзесяцігодзьдзі. Праграмай жа зьмяншэньня наступстваў Чарнобылю прадугледжана завершыць гэту працу да 2010 году.
Спэцпрадпрыемства “Палесьсе” напісала адпаведныя скаргі ў Камчарнобылю, Міністэрства падаткаў і збораў, аблвыканкам, у якіх патрабуе вызваліць яго ад неабгрунтаваных збораў за могільнікі радыеактыўных адкідаў.