Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЦІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ БАРАЦЬБУ ЗА ЛІЦЭЙ

Любоў Лунёва, Менск

Каля трыццаці ліцэістаў сталі насупраць будынку Міністэрства адукацыі. Яны трымалі плякаты: “Ці спыталі ў бацькоў?”, “Ці спыталі ў навучэнцаў?”, “Дзеці не біямаса”, “Так нельга!”, а таксама плякат “А калі б гэта былі вашыя дзеці?!” Гэныя пытаньні адрасаваныя чыноўнікам Міністэрства адукацыі.

Усе гэтыя дзеці былі на плошчы Якуба Коласа. Яны ведаюць, што можа быць разгон гэтага пікету, але ўсе маюць даволі рашучы настрой.

(Вікторыя Ермаловіч: ) “Я скончыла ліцэй два гады таму. Тое, што адбываецца зь ліцэем — дзікунства. Закрыць ліцэй, які нікому нічога дрэннага не зрабіў! Мы абараняем ліцэй, бо ён даў нам пуцёўку ў добры шлях і так мяне падрыхтаваў у ВНУ, што я не магу яго кінуць”.

(Сьвятлана Дрыга: ) “Я вучылася на першым курсе, а цяпер перайшла на другі курс. Я вельмі люблю свой ліцэй і не хачу, каб яго ліквідавалі”.

(Аляксандар Іокша: ) “Я выпускнік. Мы выйшлі бараніць ліцэй, бо калі мы гэтага ня зробім, то й ніхто ня зробіць. Гэта наш сьвяты абавязак”.

(Карэспандэнтка: ) “Пакуль мы стаім, ня выйшаў ніводны чыноўнік. Чаму?”

(Глеб: ) “Я думаю, што яны вырашылі нас ігнараваць. Спадзяюцца, што нам надакучыць хадзіць і мы супакоімся. А дзе ж мы супакоімся, пакуль ня ведаем, дзе будзем вучыцца?”

Пакуль дзеці стаялі ў пікеце, ім паведамілі, што ў ліцэй у суправаджэньні нараду міліцыі прыйшла прызначаная міністрам дырэктарка Тамара Шчэрбачэвіч. Навучэнцы згарнулі плякаты і хуценька накіраваліся ў ліцэй. Але дырэктарка ў кабінэце не затрымалася і хутка сышла разам зь міліцыянтамі.

Ліцэісты абышлі са сваім зваротам амбасады ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Літвы, Украіны і Расеі. Дзяцей ветліва прымалі, запрашалі ў будынак амбасады. Выключэньнем стала расейская амбасада. Ахоўнік паведаміў, што нікога ня пусьціць, а заяву прапанаваў даслаць поштай. Наўздагон ён крыкнуў, што ліцэй — гэта праблема саміх ліцэістаў.
XS
SM
MD
LG