Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЕ ПАГАДНЕНЬНЕ АБ УМОВАХ УЗАЕМНАГА ЎВЯДЗЕНЬНЯ ВІЗАЎ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПАДПІСАНАЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Дэпутаты Сэйміку Падляскага ваяводзтва хочуць, каб пасьля ўвядзеньня візавага рэжыму паміж Польшчай і Беларусьсю сёлета ў кастрычніку беларусы і палякі, якія жывуць у памежных рэгіёнах, маглі наведваць суседнюю краіну бясплатна.

Сэймік дамагаецца пабудовы новых памежных пераходаў, а таксама далейшых перамоваў паміж польскім і беларускім МЗС у справе ўзаемнага зьніжэньня коштаў візаў.

Лічыцца, што геаграфічнае становішча Падляшша можа быць істотным шанцам для прысьпяшэньня эканамічнага разьвіцьця гэтага рэгіёну, які па далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу стане ўсходняй мяжой аб’яднанай Эўропы.

Падляскія бізнэсоўцы, аднак, апасаюцца, што пасьля ўвядзеньня візавага рэжыму памежны гандаль зь Беларусьсю значна зьменшыцца, што можа спрычыніцца да закрыцьця шэрагу тых фірмаў на Беласточчыне, якія арыентуюцца, перадусім, на беларускіх пакупнікоў.

Варта, аднак, нагадаць, што ўсіх гэтых праблемаў магло і ня быць, калі б афіцыйны Менск заняў больш гнуткую пазыцыю ў справе ўзаемнага ўвядзеньня візаў. Справа ў тым, што польскі бок ад самага пачатку прапанаваў Беларусі ўвесьці гэтак званы “ўкраінскі варыянт” візавага рэжыму. Паводле гэтага варыянту, Польшча магла б выдаваць беларусам свае візы бясплатна ўзамен на на тое, што Менск увогуле адмовіўся б ад увядзеньня візаў для грамадзянаў Польшчы.

Беларусь, аднак, на гэта не пагадзілася, хаця беларусаў у Польшчу езьдзіць у сотні разоў болей, чым палякаў у Беларусь, і карысьць ад такога варыянту для звычайных беларусаў была відавочнай. Беларуска-польскае міждзяржаўнае пагадненьне аб умовах узаемнага ўвядзеньня візаў дагэтуль не падпісанае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG