Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ДЭПАРТАВАЛІ КАРЭСПАНДЭНТА НТВ ПАЎЛА СЕЛІНА


Валер Каліноўскі, Менск

У тры гадзіны дня 28 чэрвеня ўласны карэспандэнт НТВ Павал Селін быў выкліканы ў МУС Беларусі. Там яму зачыталі пастанову аб дэпартацыі, зацьверджаную міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. У пашпарце спадара Селіна кіраўнік пашпартна-візавай службы МУС падпалкоўнік Іванчыкава зрабіла запіс аб дэпартацыі й забароне прыяжджаць у Беларусь на працягу наступных пяці гадоў. Супрацоўнік МЗС забраў акрэдытацыйнае пасьведчаньне Селіна, рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі было прынятае адмысловай камісіяй яшчэ ўчора.

Падставай для такіх жорсткіх і пасьпешлівых дзеяньняў беларускіх уладаў стаў рэпартаж Селіна на НТВ аб пахаваньні Васіля Быкава.

У пастанове аб дэпартацыі з тэрыторыі РБ зазначана, што гэты рэпартаж “утрымліваў неаб’ектыўную, тэндэнцыйную і правакацыйную інфармацыю, якая мела на мэце стварыць нэгатыўнае ўяўленьне аб сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў Беларусі, ачарніць дзеяньні органаў улады”. Беларускія ўлады старылі камісію расьсьледаваньня зьвестак у рэпартажы Селіна ў чацьвер, праз два дні тая ўжо зрабіла высновы, што яны ілжывыя і не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Павал Селін лічыць, што няма ніякага сэнсу абскарджваць дзеяньні беларускіх уладаў у судзе, бо ня верыць у аб’ектыўнасьць беларускага правасудзьдзя. Ён лічыць, што ўсё адбываецца на загад А.Лукашэнкі, які грае ва ўсім гэтым першую ролю. Павал Селін так пракамэнтаваў рашэньне беларускіх уладаў:

(Селін: ) “Я вельмі шкадую, што ўсё гэта адбываецца на фоне сьмерці аднаго з маіх любімых пісьменьнікаў, Васіля Ўладзімеравіча Быкава, якога я лічу проста вялікім пісьменьнікам. На вялікі жаль, улады Беларусі, пачаўшы гэтыя танцы на касьцях, уцягнулі й мяне. Гэта адзінае, аб чым я шкадую, і мне вельмі сорамна за тое, што я фармальна бяру ў гэтым удзел, супраць сваёй волі”.

Спадар Селін лічыць, што ягоны рэпартаж быў цалкам аб’ектыўны і праўдзівы, яго падтрымлвіае ў гэтым кіраўніцтва НТВ. Тыя прыдзіркі да яго, якія агучылі ўлады, ён лічыць абсалютна фармальнымі. Аднак спадар Селін лічыць, што сапраўднай прычынай раздражненьня ўладаў сталіся ня гэтыя факты, а выказваньне ў інтэрвію НТВ Станіслава Шушкевіча, які на пытаньне, чаму тут няма Лукашэнкі, заявіў, што Лукашэнку “сорамна тут паказацца, асуджаць Быкава мог толькі невук, і Лукашэнка ня ўзьняўся да такога ўзроўню, каб прыйсьці і папрасіць прабачэньня ў сумленьня нацыі, хаця б тут, каля труны”.

Сёньня вечарам спадар Селін зьбіраецца паехаць у Маскву. Заўтра ён выступіць у праграме Леаніда Парфёнава “Намедни”. Павал Селін працаваў у Беларусі са студзеня 2001 году, зрабіў 349 сюжэтаў, вывучыў беларускую мову, пакідаць краіну яму шкада.

(Селін: ) “Мне надзвычай балюча за гэтую краіну, таму што ў мяне тут застаюцца дзясяткі сяброў, вельмі шкадую, што не магу прыяжджаць сюды наступныя пяць гадоў. Але што зробіш — можа, у 2008 годзе нешта памяняецца ў Беларусі. А можа і раней”.

Сябры і калегі зьбіраюцца праводзіць яго на маскоўскі цягнік. Так сталася, што ў суботу прыяжджае жонка Селіна, але атрымліваецца, што ў Менску яна пабудзе ўсяго некалькі гадзінаў. Пакуль невядома, хто будзе працаваць карэспандэнтам НТВ у Менску, Павал баіцца, што цяпер пад пагрозай існаваньне карпункту кампаніі ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG