Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ІСЬЦІ ДА МАГІЛЫ ВАСІЛЯ БЫКАВА


Галіна Абакунчык, Менск

Вось што казалі людзі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Спадар: ) “Па-першае, гэта хрысьціянскі звычай: калі ты ня быў на пахаваньні чалавека, блізкага жыцьцёва, імя якога ты шанаваў, ці, як Васіль Быкаў — знаёмы па творчасьці, улюбёны пісьменьнік, то, натуральна, трэба ісьці да магілкі, пастаяць, пакласьці кветкі ці запаліць сьвечкі”.

(Спадарыня: ) “Кіно па ягоных творах глядзела, кнігі чытала — таму і хаджу сюды. І ўчора была, і сёньня, бо я яго вельмі люблю”.

(Спадарыня: ) “Я шкадую, што такія людзі нас пакідаюць. Але ж у нас два жыцьці: гэтае — адзін міг, а там — вечнасьць. І яны ў той вечнасьці таксама будуць не апошнія людзі”.

(Спадар: ) “Чаму я прыйшоў? Таму, што гэты чалавек — сумленьне нашай радзімы. Калі бы так адбылося, што ў нас зьмяніўся бы прэзыдэнт, то гэта — адзіны чалавек, якому можна было бы даверыць уладу без фармальнага абраньня”.

(Спадарыня: ) “Васіль Быкаў заўсёды быў у апазыцыі да гэтага прэзыдэнта і да сучаснага ладу ў Беларусі. Лукашэнка ж ня быў на пахаваньні, але я не магу ацэньваць ягоныя ўчынкі звычайнымі чалавечымі меркамі. Думаю толькі, што калі на пахаваньні ня быў, то і вянка твайго тут ня трэба”.

(Спадарыня: ) “Я тут ня першы раз, я і на пахаваньні была. Па-першае, гэта чалавек, які ўвасабляе гонар і спадзяваньне нацыі на тое, што нашая моладзь будзе мець перад сабою ідэал вялікага моцнага і праўдзівага чалавека, які служыў сваёй радзіме, ахвяруючы жыцьцём. Гэты чалавек дарагі ня толькі мне асабіста — вы бачыце, тут уся мая сям’я, дзеці, унукі. Тут на могілках мой муж пахаваны, і мне нават лягчэй перажываць асабістае гора, ведаючы, што разам зь ім знаходзіцца такі вялікі чалавек”.

(Спадарыня: ) “Я прыходзіла зь ім разьвітацца, прастаяла дзьве гадзіны, але так і не атрымалася. Тады ў мяне былі іншыя кветкі, а сёньня я прынесла спадару Васілю васількі. Я думаю, што ён чуе, што людзі гавораць, што думаюць пра яго, і ён нам дапаможа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG