Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

Ул. інф.

“Па-за тактам”: Каралі раёну. 28 чэрвеня

Летась падзеяй на музычным рынку Беларусі зьявілася выданьне альбома “Крамбамбуля”. Гэты праект атрымаў адну з галоўных узнагародаў па выніках “Рок-каранацыі-2002” і сёлета набыў далейшы працяг у выглядзе альбома, які атрымаў назву “Крамбамбуля 1 ½: Каралі раёну”. Адметнаю рысай гэтага праекту было тое, што ў ягоным стварэньні ўдзельнічалі, апрача галоўнага ініцыятара Лявона Вольскага, яшчэ дзьве знакавыя постаці сёньняшняй беларускай музычнай рэальнасьці — лідэр групы “Ляпис Трубецкой” Сяргей Міхалок і лідэр групы “Нейро Дюбель” Аляксандр Кулінковіч. У наступнай перадачы Зьмітра Падбярэскага “Па-за тактам” – гутарка зь Лявонам Вольскім, Сяргеем Міхалком і Аляксандрам Кулінковічам.


“Беларускі Інтэрнэт”. 29 чэрвеня

Беларускія кнігарні ня ў стане задаволіць попыт чытачоў на творы Васіля Быкава. Дзяржава ня надта клапацілася пры ягоным жыцьці, каб кнігі клясыка выходзілі масавымі накладамі. Ня ў кожнай бібліятэцы зараз можна свабодна дастаць творы Быкава – асабліва, тыя, што выйшлі ў апошнія гады. Але ёсьць бібліятэка, заўсёды адкрытая і даступная для ўсіх, якая ўвесь час папаўняецца – гэта Інтэрнэт. Дзе ў Інтэрнэце можна знайсьці творы Васіля Быкава? І як ён сам ставіўся да публікацыі іх у сеціве? Пра гэта – у чарговым выпуску перадачы “Беларускі Інтэрнэт”.


"Праскі акцэнт". 29 чэрвеня

Воляю лёсу апошнія месяцы жыцьця Васіля Быкава былі зьвязаныя з Прагай, куды ён прыехаў летась у студзені. У гэты паўгод голас Быкава часта гучаў на хвалях “Свабоды”, і пісьменьнік выказваўся на самыя розныя тэмы. У наступнай перадачы “Праскі акцэнт”, якую падрыхтаваў Сяргей Навумчык, прагучаць запісы Васіля Быкава – сярод іх і тыя, якія яшчэ ніколі не гучалі ў эфіры.


“Вольная студыя”. 29 чэрвеня

Цягам ужо дванаццаці гадоў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН мае бясспрэчны давер суайчыньнікаў і падпісчыкаў ва ўсім сьвеце. За гэты час яго супрацоўнікі не прайгралі ніводнай судовай справы, хоць крыўдзіліся на БелаПАН і падавалі адпаведныя пазовы высокія дзяржаўныя чыноўнікі — старшыня КГБ і міністар абароны. Паведамляць пра падзею, не даючы ацэнак, — неадменнае правіла БелаПАНу. Трымацца яго ў краіне, дзе хлусьня ў дзяржаўных СМІ стала звыклай зьявай, дзе аб’ектам паклёпу можа стаць нават усенародная жалоба, няпроста... У нядзельнай “Вольнай студыі” госьцем Міхася Скоблы будзе генэральны дырэктар БелаПАНу Алесь Ліпай.


“Паштовая скрынка 111”. 29 чэрвеня

У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Сымон Нічыпарук зь Берасьця, Уладзіслаў Хоміч, Ірына Яўсевіч і Віктар Скараход зь Менску.

У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– разважаюць пра ролю і месца Васіля Быкава ў гісторыі Беларусі;
– выказваюць меркаваньні наконт апошніх рэпрэсіяў улады супраць апазыцыі;
– распавядаюць пра жыцьцё сялян у памежных з Украінай раёнах;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG