Кампанія, якая фінансуецца ў значнай ступені на грамадзскія сродкі, мела канфлікты з брытанскім урадам і раней. Аднак цяпер ВВС гаворыць аб беспрэцэдэнтным ціску ўраду.
Летась спэцслужбы падрыхтавалі для брытанскага ўраду дасье аб пагрозе зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Мінулым месяцам ВВС заявіла, што дасье было інтэрпрэтаванае на просьбу брытанскага ўраду, а дакладней, некаторым пунктам было нададзенае большае значэньне дзеля таго, каб павялічыць пагрозу зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Адказны за грамадзкія сувязі ў кабінэце Тоні Блэра Аластэр Кэмпбэл абверг гэтую інфармацыю. Выступаючы перад дэпутатамі парлямэнту на гэтым тыдні ў часе паседжаньня, калі высьвятлялася, як прымалася рашэньнне распачаць вайну ў Іраку, спадар Кэмпбэл адзначыў наступнае:
(Кэмпбэл: ) “Я проста скажу адносна сюжэту ВВС – гэта хлусьня, гэта мана, якую пачынаюць бесперарыўна паўтараць. І пакуль мы не атрымаем прабачэньняў, я буду ўпэўніваць, каб парлямэнт, людзі, падобныя на вас, ведалі, што гэта хлусьня”.
Кэмпбэл заявіў, што ВВС мела схаваную ўстаноўку у асьвятленьні вайны ў Іраку:
(Кэмпбэл) “Я мяркую, што ў падрыхтоўчым пэрыядзе да вайны ў Іраку было непрапарцыйнае акцэнтаваньне на пазыцыю супраць нашага рашэньня. Я мяркую, што ў гэтым канфлікце ў ВВС была ўстаноўка на ацэнку, што ўсё адбываецца няслушна. І зараз што адбываецца. Канфлікт не вядзе да распальваньня агню на Блізкім Усходзе, не спрыяе ўвязаньню нас у яго цягам месяцаў і месяцаў. І гэтыя самыя людзі знаходзяць зараз розныя тлумачэньні. Іхняе тлумачэньне – што прэм’ер-міністар распачаў вайну на непраўздзівых падставах”.
Аластэр Кэмпбэл даслаў ліст ў ВВС з патрабаваньнямі прабачэньня, аднак кампанія кажа, што не зьбіраецца гэта рабіць. ВВС кажа, што зробіць на гэтым сюжэт, заснаваны на інфармацыі ад “высокай і заслугоўваючай даверу” крыныцы.
Гэта ня першы канфлікт такога кшталту ВВС з брытанскім ўрадам. Гаворыць Тоўн Мэйсан – былы намесьнік сакратара Рады кіраўнікоў ВВС.
(Мэйсан: ) “Я не магу ўзгадаць падобны выпадак, калі ад ВВС наўпрост прасілі прызнаць, што была дапушчаная памылка ў спэцыфічнай сытуацыі, і ўрад патрабаваў прасіць прабачэньняў. Гэта надта наўпроставы падыход. Аднак гэта ня першы выпадак, калі ўрад раззлаваны на ВВС за паведамленьні на далікатную тэму. Гэта ўжо нешта іншага кшталту”.
Напрыклад Уінстан Чэрчыль, колішні кіраўнік Вялікай Брытаніі, у свой час хацеў, каб брытанскі ўрад узяў пад кантроль ВВС, паколькі ён быў упэўнены, што ВВС неадпаведным чынам асьвятляе ўсеагульны страйк 1926 году, які паралізаваў краіну. У 1950-х гадах брытанскі ўрад хацеў, каб ВВС зьмяніла тон ў асьвятленьні Суэцкага крызысу. І ў 1980-х гадах гэтаксама было некалькі канфрантацыяў.
Кампанія ВВС, заснаваная ў 1922 годзе, функцыянуе паводле правілаў каралеўскай хартыі, рэгулюецца палітычна прызначанымі губэрнатарамі й у значнай ступені фінансуецца на грамадзкія сродкі праз аплату за прагляд на хатніх тэлевізарах – каля 15 эўра за месяц. Праўленьне кампаніі павінна фактычна захоўваць рэдакцыйную незалежнасьць ВВС. Мэйсан гаворыць пра традыцыі незалежнасьці і бесстароннасьці ВВС. Кампанія імкнецца прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, каб захаваць высокія прафэсійныя стандарты.