Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЭЦЯЕ ПАКАЛЕНЬНЕ “АЛЬ КАЙДЫ”


Юры Дракахруст, Прага

Контртэрарыстычны камітэт Рады бясьпекі ААН быў створаны пасьля тэрарыстычнага нападу на ЗША. У справаздачы камітэту, абнародаванай учора, адзначаецца, што “Аль Кайда” па ранейшаму ўяўляе пагрозу міжнароднай бясьпецы і дэманструе здольнасьць супрацьстаяць контртэрарыстычным высілкам. Актыўнасьць “Аль Кайды” праявілася гэтай вясною ў тэрарыстычных акцыях у Савудаўскай Арабіі, Чачэніі, Марока і Афганістане. Экспэрты ААН гавораць пра “трэцяе пакаленьне” Аль Кайды” – пра генэрацыю маладых мусульманскіх радыкалаў, якія прайшлі ў арганізацыю ўжо пасьля выгнаньня “Аль Кайды” з Афганістану. Кіраўнік камітэту Майкл Чандлер адзначае, што менавіта гэтае новае пакаленьне “Аль Кайды” зьдзейсьніла 17 траўня тэракт у Марока, у выніку якога загінуў 41 чалавек. Ніводзін зь людзей, што ажыцьцяўлялі напад, ня меў дачыненьня да Афганістану, і ўсё ж яны маюць тую ж самую ідэалёгію і дзейнічаюць падобным чынам.

Разам з тым не спыніла актыўнасьць і ранейшае пакаленьне тэрарыстычнай сеткі. У тэрарыстычным нападзе ў Савудаўскай Арабіі 13 траўня, калі загінула 34 чалавекі, удзельнічалі баевікі, якія праходзілі навучаньне ў лягерах падрыхтоўкі ў Афганістане. Разам з тым, кіраўнік контртэрарыстычнага камітэту Майкл Чандлер паведаміў, што экспэрты ня выявілі сувязяў паміж “Аль Кайдай” і былым ірацкім рэжымам. Пра наяўнасьць такіх сувязяў заяўлялі амэрыканскія адмыслоўцы. Зараз камітэт ААН высьвятляе сувязі аль-кайдаўцаў з іранскімі ўладамі.

Паводле дасьледаваньня, тэрарыстычная сетка працягвае атрымліваць фінансаваньне ад гандлю наркотыкамі, якія ідуць з Афганістану, а таксама ад донарскіх фондаў.

Контртэрарыстычны камітэт ААН упершыню ўнёс у сьпіс асобаў, зьвязаных з “Аль Кайдай”, імя прадстаўніка чачэнскага супраціву. Гэта – Зэлімхан Яндарбіеў, былы выконваючы абавязкі прэзыдэнта Чачэніі, які зараз жыве ў Катары.

Паводле Майкла Чандлера, устаноўленая сувязь паміж “Аль Кайдай” і чачэнскімі паўстанцамі, якія нядаўна ажыцьцявілі ў Чачэніі сэрыю самазабойчых тэрактаў. Былі пэўныя сувязі зь людзьмі “Аль Кайды”, якія дзейнічалі ў Чачэніі, праз Босьнію, і ёсьць пэўнае падабенства мэтадаў “Аль Кайды” і чачэнскага супраціву, прынамсі, бомбавыя напады самазабойцаў.

Паводле зьвестак экспэртаў, “Аль Кайда” імкнецца атрымаць матэрыялы, каб стварыць хаця б гэтак званую “брудную ядзерную бомбу”. Вынік выбуху такой бомбы менш разбуральны, чым ад сапраўднай ядзернай, але разьлік робіцца на псыхалягічны эфэкт. Камітэт ААН заклікае краіны-сябры далучыцца да пагадненьня аб абароне ядзерных матэрыялаў. Майкл Чандлер падкрэсьлівае, што кантроль мусіць ажыцьцяўляцца за нераспаўсюдам любой зброі масавага зьнішчэньня: “Мы мусім ўзмацніць высілкі, каб быць упэўненымі, што “Аль Кайда” і зьвязаныя зь ёй арганізацыі не набываюць ядзерныя, радыёлягічныя, хімічныя і біялягічныя сродкі і матэрыялы.

Вайна з тэрарызмам далёкая ад завяршэньня. Здавалася, што пасьля арыштаў намесьнікаў Усамы бін Ладэна Галіда шэйха Махамэда і Абу Зубайды “Аль Кайда” атрымала сакрушальны ўдар. Аднак, паводле справаздачы контртэрарыстычнага камітэту Рады бясьпекі ААН, экстрэмісты маюць яшчэ дастаткова сілаў, каб наносіць удары паводле свайго выбару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG