Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АНАЛІТЫКІ ЗАЎВАЖАЮЦЬ ЗВУЖЭНЬНЕ САЦЫЯЛЬНАЙ БАЗЫ ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

27 чэрвеня адбыўся штоквартальны брыфінг “Беларускіх фабрык думкі” — аналітычных цэнтраў, якія дасьледуюць палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне.

Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў прысьвяціў свой выступ замежнапалітычным настроям беларусаў. Каля 57% апытаных грамадзянаў маюць інтэграцыйныя настроі й гатовыя прагаласаваць як за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу, так і за інтэграцыю з Расеяй. Тых жа, хто ня хоча інтэграцыі з Эўропай, каля 12%, а з Расеяй — амаль 24%. Паводле прафэсара Манаева, прыхільнікі інтэграцыі як з Захадам так і з Усходам — людзі ў асноўным маладыя, дэмакратычных поглядаў, якія больш ня хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку кіраўніком Беларусі. У праціўнікаў любых формаў інтэграцыі — супрацьлеглыя палітычныя погляды. У выніку Алег Манаеў зрабіў такую выснову:

(Манаеў: ) “Відавочна, што сацыяльная база Лукашэнкі ня проста звужаецца, яна становіцца ўсё больш ізаляцыянісцкай — пэўнага кшталту савецка-беларускі фундамэнталізм”.

І наадварот, сацыяльная база пераменаў ня проста пашыраецца, яна становіцца ўсё больш адкрытай як на Захад, так і на Ўсход. Пэўнага кшталту беларускі глябалізм. З гэтага вынікае, што прэзыдэнту, робячы прагноз на найбліжэйшую пэрспэктыву, будзе ўсё складаней выкарыстоўваць інтэграцыйную карту. І наадварот, нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі будзе ўсё складаней абапірацца на г.зв. “беларускі традыцыяналізм”.

Кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў разам з тым задаволены, што сярод старой і новай плыняў апазыцыі наладжваецца супрацоўніцтва, апошнім фактам чаго стала сустрэча дэпутата Валерыя Фралова з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Юрыем Хадыкам. Спадар Фралоў наведаў 26 чэрвеня спадара Хадыку ў менскім спэцпрыёмніку.

Прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што апошнім часам беларуска-расейскія адносіны ператвараюцца ў фрагмэнт ўсяго толькі рэгіянальнага супрацоўніцтва Расеі. На ягоную думку, каштоўнасьць гэтых адносінаў зь Беларусьсю для расейскай эліты значна зьнізілася. Пры гэтым, Масква ня пойдзе на нейкі варыянт інтэграцыі зь Менскам, які б не спадабаўся Вашынгтону. Разам з тым Леанід Заіка гаворыць, што ўсе размовы аб далучэньні Беларусі да Эўразьвязу, прынамсі да 2020 году, будуць мець толькі абстрактны, тэарэтычны характар. І таму беларускія эліты будуць вымушаныя лічыцца з гэтымі фактарамі.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG