Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ВЫДАДЗЕНЫ ТВОР ПРЭЗЫДЭНТА КЫРГЫСТАНУ


Уладзімер Глод, Менск

Эпас “Манас”, паводле амбасадара Кыргыстану ў Беларусі Рысбэка Качкеева — унікальная зьява. Паколькі да 1924 году кыргызы ня мелі ўласнага пісьменства, збор гісторыі народу перадаваўся вусна. Аналітычна асэнсаваць мінулае і вызначыць час зараджэньня кыргыскай дзяржаўнасьці вырашыў прэзыдэнт Аскар Акаеў.

Дзіўна, але ў арыгінале твор Акаева выйшаў не на кыргыскай, а на расейскай мове. На роднай ён дагэтуль ня выдадзены. Амбасадар Качкееў патлумачыў гэта тым, што пасьля распаду СССР толькі Беларусь і Кыргыстан зацьвердзілі расейскую мову як афіцыйную. Новая кніга ўжо перакладзеная на ангельскую і турэцкую мовы. Беларуская, такім чынам, з замежных — трэцяя.

Амбасадар Качкееў сказаў, што ініцыятыва выданьня кнігі накладам 600 асобнікаў на беларускай мове зыходзіла ад амбасады. Ён самастойна знайшоў грошы на ўсе выдаткі. Твор будзе перададзены ў бібліятэкі Беларусі і кіраўнікам беларускай вэртыкалі, а таксама Аляксандру Лукашэнку.

Дарэчы, блёк каляровых здымкаў у кніжцы адкрываецца сумесным фота Аляксандра Лукашэнкі і Аскара Акаева. Я пацікавіўся ў амбасадара, чаму ў разьлічаным на беларускага чытача творы не знайшлося месца здымку Аскара Акаева і Станіслава Шушкевіча. Добра вядома, як на пачатку 1990-х гадоў сябравалі тагачасныя кіраўнікі Кыргыстану і Беларусі, якія да гэтага займаліся атамнай фізыкай і дасягнулі высокіх навуковых ступеняў. Амбасадар Качкееў сказаў, што ён асабіста вызначаў, што будзе друкавацца ў беларускім выданьні:

(Качкееў: ) “Фармаваньне густу, фармаваньне афармленьня кнігі — гэта мая адказнасьць. Я бяру гэта на сябе. Гэта мой густ, мой падыход амбасадара. Я нясу за ўсё гэта адказнасьць. Каго ўключыць — ці Лукашэнку, ці Шушкевіча, гэта нашая справа. Цяпер нашыя дачыненьні вельмі дружалюбныя. Вельмі паважліва ставіцца Аляксандар Рыгоравіч да нашага Аскара Акаевіча. А Аскар Акаевіч вельмі добра адгукаецца пра Аляксандра Рыгоравіча. На цяперашнім этапе мы ведаем Аляксандра Рыгоравіча. Шушкевіч — гэта мінулы этап. Я зь ім нават яшчэ не знаёмы”.

“Кыргыская дзяржаўнасьць і народны эпас “Манас” — гэта ўжо другая кніга найвышэйшых дзяржаўных асобаў краінаў СНД, выдадзеная ў Менску на беларускай мове. Вясною была надрукаваная “Рухнама” прэзыдэнта Туркмэніі Сапармурата Ніязава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG