Пастанова пра ліквідацыю была падпісаная яшчэ 25 чэрвеня, калі ўсе выкладчыкі і ліцэісты былі на пахаваньні Васіля Быкава. Міністэрства адукацыі ўтварыла ліквідацыйную камісію, каб тая займалася перадачай будынка на балянс гарадзкога аддзелу адукацыі. Чыноўнікі плянуюць, што з 1 верасьня ў гэтым будынку будзе працаваць Менскі дзяржаўны гуманітарны ліцэй. Невядома, ці захаваецца ў ліцэі навучаньне на беларускай мове.
Чыноўнікі патлумачылі, што навучэнцаў будуць прымаць у ліцэй паводле іх уласнага жаданьня і заяваў ад бацькоў. Міністэрства патрабуе ад кіраўніцтва ліцэю, каб на наступным тыдні на тры дні з адпачынкаў выклікалі выкладнікаў. Яны павінны наведаць міністэрства, каб азнаёміцца з пастановай і атрымаць матэрыяльную дапамогу, прадугледжаную законам. Выкладнік літаратуры Лявон Баршчэўскі так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю Радыё Свабода:
(Баршчэўскі: ) “Ідзе “зачыстка” агульнай прасторы. Гэта тычыцца й сродкаў масавай інфармацыі. Ліцэй таксама трапіў ў “чорны сьпіс”. Стаіць галачка, што зь ім трэба разабрацца. Спрабавалі разабрацца, прызначыўшы непрымальнага дырэктара — не атрымалася. Вырашылі больш радыкальным спосабам — ліквідаваць сам ліцэй. Трэба цяпер папросту думаць. Мы не чакалі, што ў дзень пахаваньня Васіля Быкава будуць падпісваць такія рашэньні. Канечне, будуць яшчэ бацькоўскія сходы, будуць нейкія рашэньні. Тое, што сёньня падпісана прэм’ер-міністрам, адкруціць назад вельмі цяжка. Таму, напэўна, толькі нейкія неардынарныя рэчы могуць зьмяніць сытуацыю”.
З раніцы ў будынак ліцэю прыйшлі некалькі міліцыянтаў у цывільным. Яны адмовіліся патлумачыць бацькам ліцэістаў сваю прысутнасьць. Некалькі міліцыянтаў, у тым ліку апэратар групы дакумэнтаваньня гарадзкога ўпраўленьня міліцыі, стаялі ў двары ліцэю. Хутчэй за ўсё, чыноўнікі апасаліся акцыі пратэсту з боку ліцэістаў і іхных бацькоў і выклікалі туды міліцыю. Бацькі навучэнцаў абураныя дзеяньнямі чыноўнікаў.
Сёньня а 18-й гадзіне будзе бацькоўскі сход, на якім будуць выпрацоўвацца захады дзеля абароны нацыянальнага ліцэю.