Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМАНДАВАЦЬ ПАРАДАМ У МЕНСКУ БУДЗЕ ГЕНЭРАЛ УСХОПЧЫК, ВЫДАЧЫ ЯКОГА ПАТРАБУЮЦЬ ЛІТОЎСКІЯ ЎЛАДЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жыхары навакольных дамоў па-рознаму ставяцца да начных рэпэтыцыяў. Сярод насельнікаў дому 22 на праспэкце Скарыны я правёў невялікае апытаньне. Давялося пачуць супярэчлівыя меркаваньні. Малады чалавек Анатоль, які выгульваў свайго пінчара ў двары, не задаволены тым, што ўвечары перакрываюць рух і да двух гадзінаў начы не даюць спаць.

(Малады чалавек: ) “Перашкаджае гэта ўсім, у тым ліку кіроўцам, якія езьдзяць па начах. Мне, прыкладам, перашкаджае”.

Гэтага спадара заўважна засмуціла навіна, што сёньня рэпэтыцыя параду будзе паўтораная. “Мы супраць гэтых парадаў, якая ад іх карысьць? Але ў нас жа ніхто не пытаецца”, — сказаў Анатоль на разьвітаньне.

А вось Клаўдзія Іванаўна з таго ж дому нічога супраць начных рэпэтыцыяў ня мае. Падчас мінулай, у сераду, яна ня ўседзела дома, пайшла паглядзець на марш вайскоўцаў. Клаўдзія Іванаўна прызнае, што некаторым начны шум не падабаецца, але з гэтым, на яе думку, трэба зьмірыцца.

(Клаўдзія: ) “Магчыма, хворым людзям гэта перашкаджае, але нармалёвым і здаровым — не. Гэтая рэпэтыцыя пачалася аб 11 гадзіне, а раней жа пачыналася а першай і да чатырох начы, ды яшчэ тэхніка грукатала”.

Клаўдзія Іванаўна ўзгадала часы, калі парады былі двойчы на год. Ёй, удзельніцы славутага параду перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве ў 1945 годзе, падобныя мерапрыемствы толькі ў радасьць. Прычым яна адзначае, што цяперашнія менскія парады нават больш удалыя за маскоўскія.

Сёньняшняя генеэральная рэпэтыцыя параду пачнецца аб 11 гадзіне вечара і скончыцца прыблізна празь дзьве гадзіны, паведамілі мне ў прэсавай службе Міністэрства абароны. Аўтамабільны рух у цэнтры гораду вакол Кастрычніцкай плошчы, а таксама вакол Опэрнага тэатру, дзе будуць канцэнтравацца ўдзельнікі параду, перакрыюць яшчэ да 11 гадзінаў.

Сёлета парад пройдзе без вайсковай тэхнікі, гэтак таньней і менш арганізацыйных праблемаў. А вось праз год, калі будзе адзначацца 60 годзьдзе вызваленьня Менску, хутчэй за ўсё вайсковую тэхніку зноў выведуць на вуліцы. Такое меркаваньне ўжо пасьпеў выказаць міністар абароны Леанід Мальцаў. Мяркуецца, што ён асабіста будзе кіраваць сёньняшняй генэральнай рэпэтыцыяй.

А вось 3 ліпеня камандаваць парадам будзе ягоны першы намесьнік генэрал Уладзімер Усхопчык. Нагадаем, той самы, якога шукае літоўская пракуратура паводле абвінавачаньня ў датычнасьці да забойства людзей. 12 гадоў таму генэрал Усхопчык камандаваў віленскім гарнізонам. Менавіта ягоныя падначаленыя стралялі ў змагароў за незалежнасьць Літвы ў студзені 1991 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG