Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ ЗЬБІРАЕЦЦА ЗЬЛІКВІДАВАЦЬ ЧАРГОВУЮ НЕЗАЛЕЖНУЮ ФУНДАЦЫЮ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Стужка “Павуціньне”, якую паказала беларускае тэлебачаньне ў найлепшы эфірны час, рэклямавалася як сэнсацыйны дакумэнтальны фільм, а насамрэч аказалася прапагандысцкай агіткай, зробленай у традыцыях пэрыяду халоднай вайны”, – адзначае “Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік піша, што паводле аўтараў фільму, IREX ёсьць тайнай філіяй ЦРУ, якая мае на мэце распальваньне грамадзянскіх, нацыянальных і рэлігійных канфліктаў у Беларусі, а таксама дыскрэдытацыю іміджу беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне.

“Дыскрэдытацыя іміджу гэта, паводле аўтараў “Павуціньня”, некалькі здымкаў менскіх бамжоў, якія зьмешчаныя на інтэрнэт-старонцы IREX, у адмысловым прафэсійным фотасэрвісе, якім могуць бясплатна карыстацца беларускія мэдыі.

“Gazeta Wyborcza” падае меркаваньні адмыслоўцаў, якія ўпэўненыя, што беларускае прадстаўніцтва IREXу чакае лёс фундацыі Сораса і місіі АБСЭ, выдаленьне якіх зь Беларусі таксама пачалося з падобных матэрыялаў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

“Цяпер, калі інтэграцыя Беларусі і Расеі не ідзе так, як хацеў афіцыйны Менск, Лукашэнка, які хутчэй за ўсё ня мае шанцаў ані на высокую пасаду ў саюзнай дзяржаве, ані на захаваньне незалежнасьці ад Масквы, пачаў шукаць іншы шлях. Магчыма гэта будзе рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі краіны, якія далі б магчымасьць беларускаму кіраўніку балятавацца на трэці тэрмін. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў гэтым толькі перашкаджаюць, таму ўлады заатакавалі IREX, які вольным мэдыям дапамагае”, – піша польскі штодзёньнік.

Зрэшты, адзначае “Wyborcza”, гэта адкрыта пацьвердзіў у фільме “Павуціньне” прэсавы сакратар беларускага КГБ, які сказаў, што ягоная ўстанова даўно сочыць за дзейнасьцю IREXу, бо гэтая арганізацыя “ператварылася ня толькі ў пляцоўку для замежных выведак, але і зрабіла дзьве памылкі. Першая памылка – гэта няправільная пазыцыя ў часе прэзыдэнцкіх выбараў, а другая заключаецца ў тым, што IREX так і не выправіў сваёй першай памылкі”.
XS
SM
MD
LG