Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ВЯСКОЎЦЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА ЗДАВАЦЬ ЛІШКІ МАЛАКА ДЗЯРЖАВЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёлета ў рэгіёне калгасы купілі ў вяскоўцаў на 1800 тонаў малака менш, чым у мінулым, далёка не найлепшым годзе. Вось што кажа сярэдніх гадоў гаспадыня з вёскі Жгунь Добрускага раёну:

(Гаспадыня: ) “Таму што яно таннае, зусім ня цэніцца. Бясплатна аддаем, лічы — выліваем. 190 рублёў за літар — бясплатна! Ну калі ўжо выліваць, то я і парасяці вылью”.

Зімою ў рэгіёне на розных нарадах шмат гаварылася пра неабходнасьць павелічэньня кошту на малако, якое малочныя заводы праз калгасы купляюць у вяскоўцаў. Міністэрства эканомікі наогул рэкамэндавала ўстанавіць кошт 285 рублёў за літар малака. Амаль да канца вясны ў рэгіёне плацілі вяскоўцам 230 рублёў за літар.

Аднак 30 траўня ў гаспадаркі было адпраўленае адмысловае пісьмо старшыні аблвыканкаму Аляксандра Якабсона пра ўвядзеньне новых цэнаў. Літар малака першага гатунку стаў каштаваць 190 рублёў і толькі вышэйшага — 230. Аднак малаказаводы, спасылаючыся на дрэнную рэалізацыю гатовай прадукцыі, сталі плаціць вяскоўцам, як правіла, толькі 190 рублёў за літар.

Беспадстаўнае заніжэнне гатунковасьці прыводзіць да канфліктаў паміж гаспадарамі й зборшчыкамі малака. Прынамсі, бойка паміж зборшчыкам Аркадзем Удрам і гаспадыняй Софіяй Сьцішанок у вёсцы Барысаўшчына зрабілася прадметам разьбіральніцтва ў Хойніцкім райвыканкаме. Зборшчыка абавязалі даплаціць грошы спадарыні Сьцішанок за 90 літраў малака.

У аблаграпраме зьніжэньне закупу малака ў насельніцтва зьвязваюць яшчэ і са скарачэньнем пагалоўя жывёлы. Сапраўды, у прыватным сэктары сёлета кароваў паменела на 6 тысяч галоваў. Вёска старэе, цяжка зь сенам і выпасам. Нямоглыя людзі пазбаўляюцца ад кароваў.

Распавядае гаспадыня Ніна зь вёскі Івакі Добрускага раёну:

(Ніна: ) “Увосень яшчэ паменее, бо ніхто нічога не дае. Касіць сена няма дзе. Пагарэла ўсё. Пашу прапанавалі, але там усё выгарэла, і няма дзе пасьвіць каровы. Сена самі нарыхтоўваем, дзе хто зможа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG