Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ІНТАРЭСЫ МАЕ БЕЛАРУСЬ У ЛАЦІНСКАЙ АМЭРЫЦЫ?


Юры Сьвірко, Менск

Бакі зьбіраюцца выпрацаваць мэханізм узаемадзеяньня дзеля прасоўваньня інтарэсаў Беларусі й Расеі ў Лацінскай Амэрыцы. Тэмы, якія сёньня абмяркоўваюцца ў Менску і Маскве, шмат у чым супадаюць. Бадай, галоўны інтарэс Беларусі на лацінаамэрыканскім рынку — гэта продаж зброі.

Найбуйнейшы посьпех Беларусі на рынку Лацінскай Амэрыкі — гэта тое, што ў 1998 годзе Пэру набыла ў Беларусі восем самалётаў МiГ-29. Але пасьля таго, як рэжым Альбэрта Фухіморы быў зрынуты, гэтыя МіГі апынуліся ў цэнтры скандалу.

Я правёў у Пэру некалькі дзён у красавіку 1996 году. Менавіта тады афіцыйны Менск упершыню скіраваў свой позірк на Лацінскую Амэрыку. У сярэдзіне 1990-х Беларусь прадала партыю танкаў у Сурынам, адну з малых дзяржаваў гэтага кантынэнту. Пра гэтую ўгоду нідзе ніколі не паведамлялася, але я ведаю пра яе з дакладных крыніцаў у Латвіі, таму што экспарт ажыцьцяўляўся празь яе порт Вэнтсьпілс.

Пэру тады знаходзілася ў стане вайны з Эквадорам, і беларускія самалёты былі вельмі ёй патрэбныя. Зь іх дапамогай Альбэрта Фухіморы меў намер паставіць на калені суседні Эквадор, зь якім вёў тэрытарыяльную спрэчку. У 1996 годзе перамовы толькі пачыналіся. Пастаўкі пайшлі праз гандлёвае прадстаўніцтва Расеі ў Ліме, якое я таксама наведаў. Уявіце сабе вялізны будынак, які пустуе. Раней ён гандляваў савецкай вайсковай тэхнікай, але новая Расея палічыла Пэру непатрэбным рынкам, таму расейскае прадстаўніцтва пачало займацца беларускім кантрактам.

Але потым выявілася, што продаж МіГаў адбыўся без дазволу іх вытворцаў у Расеі, таму расейцы адмовіліся ад тэхнічнага абслугоўваньня і паставак запчастак. Пэру спрабавала знайсьці нейкі іншы шлях разьвязаньня праблемы, для чаго адкрыла будынак сваёй амбасады ў Менску каля станцыі мэтро “Пушкінская”. Гэтая амбасада дагэтуль больш нагадвае сакрэтны аб’ект.

Нарады ў Менску й Маскве якраз і закліканыя пакласьці канец канфліктам інтарэсаў кшталту пэруанскіх МІГаў паміж Беларусьсю і Расеяй.

Беларусь мае толькі адну амбасаду ў Лацінскай Амэрыцы — у Аргентыне. Аргентына лічылася падчас адкрыцьця амбасады найбольш заможнай краінай Лацінскай Амэрыкі, але цяпер там пануе эканамічны крызыс. Менск спадзяваўся прадаваць там сваю сельскагаспадарчую тэхніку, найперш трактары “Беларус”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG