Падчас нарады спадар Лукашэнка запатрабаваў самым дакладным чынам праверыць інфармацыю, якая прагучала на расейскім тэлеканале НТВ, пра тое, што беларускія ўлады перашкаджалі пахаваньню Васіля Быкава. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даў даручэнне ўсім органам улады ня ўмешвацца ў працэс жалобных мерапрыемстваў.
“Я дакладна і пэўна даў указаньні — зрабіць так, як вырашаць сваякі. Вырашылі сваякі несьці труну па Менску да 20 гадзін вечара — гэта іх права. Хоць гэтым і былі створаныя пэўныя нязручнасьці, але мы ж ня можам разганяць апазыцыянэраў, якія фактычна арганізавалі вакол гэтага дэманстрацыю”, — падкрэсьліў спадар Лукашэнка, хаця труну зь целам Васіля Быкава ўнесьлі на могілкі а 18-й гадзіне.
Паводле агенцтва БелТА, Аляксандар Лукашэнка даручыў дзяржаўнаму сакратару Савету Бясьпекі Генадзю Нявыгласу прызначыць дакладнае расьсьледаваньне ў гэтым пытаньні. “Калі інфармацыя, якая прагучала, была непраўдзівай, то СМІ павінны неадкладна прынесьці свае прабачэньні дзяржаве”, — заявіў спадар Лукашэнка і дадаў: “Калі ж хтосьці з прадстаўнікоў органаў улады сапраўды перашкаджаў пахаваньню, дык яны панясуць адказнасьць”.
На традыцыйным брыфінгу ў МЗС Беларусі сёньня было зададзенае пытаньне, ці плянуюцца якія-небудзь захады супраць НТВ, але прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных адказаў, што нічога пра такія захады ня ведае.