Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ ХЛУСЬНІ НА ДЗЯРЖАЎНЫМ УЗРОЎНІ

Юры Дракахруст, Прага

Беларускае тэлебачаньне заявіла, што “...насуперак хрысьціянскай маралі разьвітаньне з народным пісьменьнікам Беларусі Васілём Быкавым радыкальная апазіцыя ператварыла ў палітычны фарс. Разьвешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі ня мелі нічога агульнага з народнай жалобаю – і ўсё дзеля таго, каб насаліць уладам імем Быкава нават у дзень яго паховінаў”.

Падобным чынам апісвала падзеі і “Советская Белоруссия”: “Некаторыя палітыкі вырашылі зрабіць спаборніцтва на тэму: каму належыць прах Васілія Ўладзіміравіча. Ім ці ўладзе. Улада, нам падаецца, паступіла салідна, зрабіла ўсё, каб пахаваньне не ператварылася ў звычайны мітынг. А да гэтага ішло”, – пісала сёньня “Советская Белоруссия”.

Сёньня сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў прыняў адмысловую заяву, якую зачытаў нам намесьнік старшыні Саюзу Міхась Скобла:

(Скобла: ) “25 чэрвеня Беларусь разьвіталася са сваім вялікім сынам Васілём Быкавым, чыя сьмерць адгукнулася ў сэрцах мільёнаў беларусаў незагойным болем. Дзясяткі тысячаў людзей праводзілі яго ў апошні шлях. Сябры і паплечнікі пранесьлі труну салдата і пісьменьніка ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа. Аднак афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі, у прыватнасьці, Беларускае тэлебачаньне і газэта "Советская Белоруссия" паведамілі пра пахаваньне Васіля Быкава надзвычай тэндэнцыйна і цынічна, ганьбуючы памяць пра вялікага пісьменьніка, абражаючы яго родных і блізкіх. У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменьнікаў заяўляе катэгарычны пратэст супраць хлусьні на дзяржаўным узроўні, якая выклікае абурэньне й агіду ўва ўсіх сумленных людзей".

З заяваю выступіла сёньня і Партыя БНФ. Партыя адзначае, што дзеля пахаваньня Васiля Быкава была створаная дзяржаўная камiсiя, але ў яе склад не ўвайшлі нi Рыгор Барадулiн, нi Генадзь Бураўкiн — найблiжэйшыя сябры пісьменніка, якiм безумоўна давярае яго сям'я. Насуперак волi сям'i нябожчыка – гаворыцца ў заяве БНФ – плянавалася зладзiць вайсковы рытуал пахаваньня з жаўнерскай вартай, аркестрам i салютам, пры гэтым не дапусьцiўшы нават кароткай жалобнай працэсii па вулiцах гораду. Але ў выніку – адзначаецца ў заяве партыі – цырымонiю вялi Саюз пiсьменьнiкаў, Партыя БНФ і некаторыя iншыя арганiзацыi.

"Боль ад сыходу Васіля Быкава нiчым не суняць. Але вялiкi творца ўшанаваны так, як належыць постацi такога маштабу ў цывiлiзаванай краiне. Васiль Быкаў нават сьмерцю сваёй паказаў, хто сапраўдны валадар сэрцаў людскiх у Беларусi. Гэта быў апошнi ўчынак нязломнага Быкава, якi даў Беларусi надзею", — гаворыцца ў заяве партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG