На ўзроўні структураў тутэйшыя саветы і вэртыкаль практычна паўсюль у Беларусі працуюць з поўным паразуменьнем. Спрэчкі, дыскусіі, а часам і гучныя скандалы здараюцца толькі ў выпадках асобаснага супрацьстаяньня незалежных дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў. Напрыклад, у Круглянскім раёне Зінаіда Мілешчанка вымушаная была зьвярнуцца ў суд, каб адстаяць свае дэпутацкія правы. Тэміда, аднак, падтрымала раённае начальства…
Гэты прыклад як бы папярэджаньне іншым: той, хто спрабуе гуляць згодна з дэмакратычнымі правіламі, ідзе супраць мясцовага кіраўніцтва, абавязкова прайграе... І большасьць народных абраньнікаў “правільна”, так бы мовіць, зрэагавалі на той сыгнал. Напрыклад, на першых сэсіях Амсьціслаўскага райсавету толькі вясковы настаўнік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Галакціёнаў галасаваў супраць некаторых рашэньняў, якія ініцыявала вэртыкаль. Астатнія палічылі за лепшае не пярэчыць чыноўнікам.
(Галакціёнаў: ) “Не было ня тое што супрацьстаяньня — не было ніякае думкі выказана публічна, якая б хоць крышачку супярэчыла той пазыцыі, якая прадыктаваная і навязаная менавіта райвыканкамам”.
Альтэрнатыўныя меркаваньні, паводле Галакціёнава, не ў апошнюю чаргу губляюцца менавіта з-за шчыльных сувязяў паміж прадстаўнічай і выканаўчай уладамі. У Аляксандра ёсьць канкрэтны прыклад: напрыклад, ён хацеў дабіцца, каб упершыню выбары старшыні райсавету сапраўды сталі выбарам зь некалькіх кандыдатаў. Дэпутат выставіў на галасаваньне наступнае пытаньне: “Хто за тое, каб Галакціёнаў самавылучыўся кандыдатам на пасаду кіраўніка савету?”
(Галакціёнаў: ) “І ніводны дэпутат не прагаласаў за тое, каб я меў права, па законе меў права — безумоўна, вылучыцца на гэтую пасаду. Усе прагаласавалі супраць. Таму што ўсе баяліся, бо гэта магло для іх скончыцца ня вельмі прыемна, скажам так”.
Крыху інакшу адбываецца там, дзе ў “блізкую ўладу” здолелі прабіцца некалькі незалежных дэпутатаў. У Смаргонскім райсавеце іх, напрыклад, трое. І адразу яны паспрабавалі зацьвердзіць зручны для меншасьці рэглямэнт, каб можна было адстойваць альтэрнатыўныя праекты. І вось што з гэтага атрымалася. Распавядае Раман Улан:
(Улан: ) “Мае калегі спачатку спрабавалі дыскутаваць, абмяркоўваць нейкія праблемы... Але калі ўжо пайшла другая сэсія, была прынята зусім іншая тактыка, яе ініцыяваў старшыня савету: маё пытаньне заслухоўвалася, безь ніякага абмеркаваньня ставілася на галасаваньне і правальвалася...”
(Карэспандэнт: ) “Ты лічыш, што старшыня райсавету атрымаў “разумную параду” аднекуль зьверху?”
(Улан: ) “Калі палова дэпутацкага корпусу — прадстаўнікі выканаўчай улады, напрыклад, начальнік міліцыі, вайсковец, начальнікі аддзелаў райвыканкаму, дык пра якую іх незалежнасьць можна казаць? Кожны другі зь іх падначалены вэртыкалі. Нас трое, і мы сядзім там, як белыя вароны... Астатняя маса аморфная, заўвагі, нейкія прапановы зыходзяць толькі ад нас. Большасьць там дзеля таго, каб толькі рукі падымаць”.
Амсьціслаўскі дэпутат Аляксандар Галакціёнаў таксама ніякай розьніцы паміж райвыканкамам і райсаветам не заўважае і тлумачыць гэта наступным чынам:
(Галакціёнаў: ) “Справа ў тым, што практычна ўсе намесьнікі старшыні райвыканкаму абраныя дэпутатамі, і яны зьяўляюцца галоўнымі дзейнымі асобамі ў райсавеце. А адзін з намесьнікаў зьяўляецца і старшынём савету. З гэтага вынікае наступнае: усе тыя рашэньні, якія хоча правесьці райвыканкам, абавязкова прымаюцца, прычым заўсёды аднагалосна”.
Свайго мсьціслаўскга калегу дапаўняе дэпутат са Смаргоні спадар Улан:
(Улан: ) “Калі да 1996 году старшыняў выканаўчае ўлады і намесьнікаў прызначалі, то іх зацьвярджала спачатку сэсія, а ўжо затым зь імі заключалі кантракты, падпісвалі дамовы. Цяпер жа яна папросту пагаджаецца з прапановамі выканкаму на назначэньне толькі старшыні, а намесьнікі ўвогуле не зацьвярджаюцца сэсіяй. Цяпер статус савету вельмі паніжаны. Ён у рэальнасьці дэкаратыўны орган, які прызначаны паказваць народу наяўнасьць прадстаўнічай улады. А рэальныя яго магчымасьці, мне здаецца, вельмі малыя, вельмі абмежаваныя...”
Для Беларусі такая сытуацыя тыповая. Аднак ёсьць выпадкі, калі дэпутаты з дэмакратычнай рэпутацыяй плённа супрацоўнічаюць з уладнымі структурамі, пасьпяхова выконваюць свае выбарчыя праграмы. Сярод такіх і Сьвятлана Андруховіч. Яна перамагла на выбарах у пасёлку Мачулішчы пры актыўнай дапамозе апазыцыйных партыяў. Многія нават лічаць яе сябрам БНФ, хоць гэта ня так — яна беспартыйны дэпутат. Якім жа чынам ёй удалося знайсьці агульную мову з тымі людзьмі, безь якіх ня вырашыць большасьць мясцовых праблем?
(Андруховіч: ) “Справа ў тым, што як грамадзкі дзеяч я пачала сваю працу ў пасёлку два гады таму. І да маёй практыкі ўжо прывыклі. У прынцыпе, усё што я прасіла, атрымлівала падтрымку”.
Так, пры канцы месяца яна хоча арганізаваць у Мачулішчах нябачнае тут дагэтуль масавае сьвята з нагоды Дня моладзі. Каб яно ўдалося, Сьвятлана найперш паклапацілася пра добраўпарадкаваньне... А футбол, іншыя спаборніцтвы, конкурсы, канцэрт з удзелам такіх зорак як Саладуха з Ухцінскім — пасьля.
(Адруховіч: ) “Я запрасіла жыхароў пасёлку, вайсковую частку, каб яны дапамаглі ва ўпарадкаваньні. Праграма дастаткова вялікая: пачынаецца ў дзесяць гадзін раніцы й заканчваецца позьняй дыскатэкай”.
Спадарыня Андруховіч кажа, што перад дэпутацтвам яна найперш хвалявалася, што ня ўдасца знайсьці агульную мову менавіта з тутэйшым чынавенствам.
(Андруховіч: ) “Я начулася, што ідзе ўсебаковае ігнараваньне ўладамі тых людзей, якія хочуць нешта рабіць. Але да гэтых спробаў могуць паставіцца скептычна. Між тым, уся мая перадвыбарчая праграма будавалася на тым, што неабходна працаваць ва ўзаемадзеяньні з уладамі на карысьць моладзі. Бо ў Мачулішчах няма ніводнага цэнтру, які бы аб’ядноўваў яе, падлеткаў”.
Шмат хто трактуе сытуацыю ў пасёлку як зьбег абставінаў: тут і актыўная дзяўчына-дэпутат, і новы, энэргічны, не сапсаваны чыноўніцкай практыкай старшыня савету — ён з адстаўных вайскоўцаў, і наяўнасьць у Мачулішчах лёгкіх на пад’ём людзей. Гэта ўсё так. Але можна глянуць на тое і па-іншаму: напрыклад, каму не вядома, што тыя ж учорашнія вайскоўцы прывыклі найперш да выкананьня загадаў. А тут раптам такі сучасны, дынамічны тандэм! Або ўзяць мясцовае насельніцтва: між іншым, яно лідэр раёну па злоўжываньню наркотыкамі і ВІЧ-захворваньнях. Атрымліваецца, справа ня проста ў нейкіх спрыяльных умовах. Тады ў чым? Гаворыць Сьвятлана Андруховіч:
(Андруховіч: ) “Такім чынам у мяне няма праблемаў з уладамі, бо яны бачаць — ужо пара нечым займацца. Займацца канкрэтыкай. Таму што людзі стаміліся ад гэтага бязьдзейнічаньня”.
Дэпутат зрабіла стаўку на працу з моладзьдзю і дзеля гэтага актыўна кантактуе з усімі, хто можа хоць неяк дапамагчы ёй. У прыватнасьці, апошнім часам наладзіла кантакты зь міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца стварэньнем розных клюбаў, цэнтраў па інтарэсах у невялічкіх правінцыйных гарадках і пасёлках. І ейную ініцыятыўнасьць заўважаюць ня толькі выбарцы.
(Андруховіч: ) “Я размаўляла з прадстаўніком райвыканкаму, які адказвае за фізкультуру і спорт. Дык сказаў: “Усё, буду з вамі, таму што бачу вашае жаданьне нешта рабіць”. Высьветлілася, што для гэтых цэнтраў ёсьць фінансаваньне — 5%, але гэтымі грашыма ў нас ніхто ніколі не карыстаўся. Мы ўжо знайшлі памяшканьне. Закінутае, нікому не патрэбнае, але мы ў любым выпадку адновім яго. Карацей, трэба ведаць, як дастаць грошы”.
Рамуальд Улан са Смаргоні — чалавек, які ўмее зарабляць, ён вядомы ў раёне як пасьпяховы бізнэсовец, выдавец папулярнай газэты. Мала хто абвінавачваў выданьне ў апазыцыйнасьці, але ўсе адзначалі ягоную незалежнасьць ад думкі афіцыйных уладаў. І закончылася ўсё непрыхаваным ціскам на журналістаў. Распавядае спадар Улан:
(Улан: ) “Завадатар, безумоўна, выканаўчая ўлада. Яна заснавальнік мясцовай дзяржаўнай газэты. А савет, дэпутацкі корпус як бы ўбаку, ён толькі назірае”.
(Карэспандэнт: ) “А ці былі асабіста ў вас сутыкненьні з прадстаўнікамі вэртыкалі?”
(Улан: ) “Так, у пэрыяд гэтага крызысу спрабаваў сустракацца са старшынём выканкаму. Ён кажа: не даем ніякіх камандаў, няма ніякіх праблемаў з супрацоўніцтвам — прыходзьце, бярыце інфармацыю. Хоць на плянэрках даюць у хвост тым, хто дзеліцца нейкімі фактамі. Аднаму міліцыянту з ДАІ далі вымову за супрацоўніцтва зь незалежнай газэтай. А дырэктара школы, які пагадзіўся на інтэрвію, хацелі нават звольніць. Гэта проста жах!”
(Карэспандэнт: ) “А ці можна ўзгадаць прыклад, калі савет прагінаецца перад выканаўчай уладай?”
(Улан: ) “Прынятыя сэсіяй праграмы аб моладзевай палітыцы, мэдычным абслугоўваньні цалкам распрацаваныя райвыканкамам”.
Дык ці ёсьць сэнс станавіцца дэпутатам, калі няма магчымасьці выказаць сваю думку? Аляксандар Галакціёнаў з Амсьціслава гаворыць, што многія зь ягоных калегаў атрымалі мандаты “добраахвотна-прымусова”: ім прапанавалі абрацца, і яны не наважыліся адмовіцца. Шмат для каго дэпутацтва — тытул, прыналежнасьць да “касты” начальнікаў і мясцовы сымбаль нейкай недатыкальнасьці.
(Галактыёнаў: ) “Зь некаторымі зь іх я размаўляў у прыватнай абстаноўцы, і паводле іх адказаў на актуальныя пытанні, іх можна назваць нават рэфарматарамі. Але вельмі ціхімі й баязьлівымі. Яны вольна прынялі б і рынкавую эканоміку, і рэформу ня толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў галіне адукацыі, навукі, узброеных сілаў і гэтак далей. Але справа ў іншым, і гэта ўжо праблема нашага грамадзтва: страх — вось тое, што гэтую іх ініцыятыву зводзіць да нуля, да мінімуму”.
Дэпутаты мясцовых саветаў кантралююцца вэртыкальлю — так лічыць Аляксандар Галакціёнаў. І ці здольныя мсьціслаўскія дэпутаты на выказваньне альтэрнатыўных меркаваньняў з трыбуны сэсіі, залежыць ня толькі ад сытуацыі ва ўласна Мсьціслаўскім раёне.
(Галакціёнаў: ) “Гэты сцэнар залежыць ад разгортваньня падзеяў у цэлым у нашай краіне. А я ўсё ж ня думаю, што найбліжэйшым часам нейкі пратэст прарвецца на прастору, выйдзе нагару, і яны пачнуць хаця бы крышачку крытыкаваць мясцовую ўладу”.
Пакуль дэпутаты залежныя ад вэртыкалі, упэўнены спадар Галакціёнаў, сам савет ня вельмі патрэбны выбарцам.
(Галакціёнаў: ) “Справа ў тым, што фактычна ён не адпавядае тым запатрабаваньням, якія павінен выконваць. Ён не стварае ніякага кантролю за дзейнасьцю райвыканкаму. Ён не выяўляе ніякай ініцыятывы. Ён фактычна не вырашае мясцовыя праблемы. Ён існуе толькі каб прагаласаваць, замацаваць тыя рашэньні, якія дае, рыхтуе і хоча правесьці райвыканкам. Таму цяжка заўважыць нейкі плён ад працы ў цэлым дэпутацкага корпусу райсавету. Яго фактычна няма. Так, можна калі-нікалі заўважыць нейкае жаданьне выказацца, але гэта настолькі мізэрная доля, што гаварыць пра канструктыўнасьць у дзейнасьці райсавету не выпадае”.
Са спадаром Галакціёнавым пагаджаецца і Рамуальд Улан:
(Улан: ) “Я думаю, што савет — гэта ў найгоршым сэнсе прадстаўнічая ўлада. Як у нас з гіроніяй казалі: Страна Советов...”
Тым ня менш, і адзін, і другі дэпутат, як і большасьць іншых вылучэнцаў апазыцыйных партыяў, незалежных грамадзкіх арганізацыяў не расчараваліся ў сваім жаданьні прыйсьці ў “блізкую ўладу”. Яны разумеюць: шматгадовыя традыцыі падпарадкаваньня саветаў выканкамам проста так не зламаць. Аднак бяз гэтай рэканструкцыі грамадзкай сьвядомасьці не прыйсьці да сучаснай эфэктыўнай сыстэмы мясцовага самакіраваньня.