Трымціць непаслухмяная рука
Баліць душа і замірае сэрца,
І слова выбіваецца з радка —
Яшчэ не ўсьведамляе сэнсу сьмерці.
Ня стала дуба ў полі — знак бяды.
І навальніца ў роспачы ад ранку:
Цяпер яна ня ведае, куды
Накіраваць наступную маланку?
Жалобная віруе талака,
Ня верыць, што жыцьцё пражыта.
Я як Радзіме жыць без Васілька?
Ці будзе каласіцца ў полі жыта?
Пакуль мы ў смутнай мітусьні прамоў
Ягоны скон асэнсаваць ня ў стане.
Напэўна, і вярнуўся ён дамоў,
Бо ведаў, што ніколі ўжо ня ўстане?..
Гаротна будзе сьлёзы неба ліць,
А чалавек — да ісьціны імкнуцца…
Каб высьветліць, што мёртвым не баліць,
Ён здольны быў пайсьці і не вярнуцца.
І міласьці ад лёсу не чакаў —
За сьпіны непрывычны быў хавацца.
А нам жывым, і сьмерцю ўласнай даў
Ці не апошні шанец — аб’яднацца!