Між тым, адмыслоўцы даўно заяўлялі пра неабходнасьць лібэралізацыі Крымінальнага кодэксу Беларусі, які лічыцца найбольш жорсткім у Эўропе. Адвакат Сяргей Цурко, у прыватнасьці, лічыць, што гэтыя захады трэба было рабіць яшчэ колькі гадоў таму. А што да адказнасьці за эканамічныя злачынствы, то адвакат лічыць прапанаваную лібэралізацыю недастатковай.
(Цурко: ) “Гэта насьпела яшчэ ўчора і пазаўчора. Але ўсё роўна застаецца вялікая колькасьць эканамічных злачынстваў, за якія кодэкс прадугледжвае рэальнае пазбаўленьне волі. Вось за гэтыя эканамічныя злачынствы, з улікам цяжкага эканамічнага становішча ў краіне, маглі бы ўвесьці не пазбаўленьне волі, а грашовыя спагнаньні. А тое, што пераводзяць цяжкія злачынствы ў менш цяжкія — гэта добра, толькі там 60% Кодэксу трэба мяняць. Бо дзяржава бедная, а асуджаюць як у багатай”.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі больш як 50 тысяч грамадзянаў пазбаўленыя волі. Паводле гэтага паказчыка, у Эўропе Беларусь займае другое месца пасьля Расеі.