Заява Ўладзімера Пуціна можа разглядацца як сэнсацыя толькі на тле працягу да бясконцых прэзыдэнцкіх тэрмінаў у краінах Цэнтральнай Азыі ды размоваў пра трэці тэрмін у Беларусі. Як патлумачыў сам Пуцін, расейская Канстытуцыя прадугледжвае ня больш як два тэрміны прэзыдэнцтва для адной асобы. “А мы будзем жыць паводле Канстытуцыі”, – заявіў расейскі лідэр.
Вельмі паказальна, што такая заява прагучала ў адказ на пытаньне пра трэці тэрмін не самога Пуціна, а Лукашэнкі. Камэнтаваць сытуацыю ў суседняй дзяржаве прэзыдэнт Расеі ня стаў, абмежаваўшыся іранічна-двухсэнсоўнай заўвагаю: “Я, шчыра кажучы, ня надта сачу за тым, што там адбываецца”. Гэтай заўвагаю, незалежна ад таго, ці адпавядае яна сапраўднасьці, кіраўнік Расеі прадэманстраваў месца Беларусі сярод замежнапалітычных прыярытэтаў цяперашняй Масквы.
Заяваю пра тое, што трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна ня будзе, зробленай падчас візыту ў Велікабрытанію, прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў арыентацыю сваёй краіны на палітычныя каштоўнасьці Эўропы. Распавёўшы пра сваё асабістае нежаданьне мяняць Канстытуцыю дзеля трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва, Пуцін усё ж у пэўнай ступені адказаў на пытаньне пра Беларусь, разам з тым пакінуўшы сабе поле для манэўру. Ён даў зразумець, што аўтаматычнага блаславеньня на трэці тэрмін Лукашэнка ад Масквы не дачакаецца, скарыстаць аргумэнт:” Вам можна, а чаму мне нельга?” у кіраўніка Беларусі не атрымаецца. Прэзыдэнт Расеі, як высьветлілася, якраз ня лічыць для сябе магчымым перакройваць Канстытуцыю пад асабістыя палітычныя патрэбы. І аргумэнт робіцца адваротным: “Калі Пуціну нельга, то чаму Лукашэнку можна?”
Разам з тым, не прагучала і наўпроставага асуджэньня плянаў Лукашэнкі наконт трэцяга тэрміну. Улічваючы агульнавядомыя шчыльныя сувязі паміж Менскам і Масквою, Пуцін такой заяваю ўзяў бы на сябе абавязак не дапусьціць падобнага разьвіцьця падзеяў. Ён жа, прадэманстраваўшы Брытаніі сваю эўрапейскасьць, у адносінах да найбліжэйшага заходняга суседа і саюзьніка пакінуў адкрытымі ўсе магчымасьці: Масква можа не перашкаджаць плянам Лукашэнкі адносна трэцяга тэрміну, можа нават і паспрыяць, калі палічыць гэта выгадным, а можа і перашкодзіць, з той жа прычыны.