Галоўнай тэмай дня для двух беларускіх тэлеканалаў — БТ і АНТ — стала наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам Сьветлагорскага раёну. У праграме “Панарама” сюжэт пра пахаваньне Васіля Быкава пачаўся на 25-й хвіліне.
Абодва каналы ўшчувалі апазыцыю за тое, што яна карысталася бел-чырвона-белымі сьцягамі ды што шэсьце было нібыта пераўтворанае ў “палітычнае шоў”. Першы нацыянальны тэлеканал дайшоў нават да таго, што паведаміў у 21.25 наступнае: Васіля Быкава “пахавалі з усімі дзяржаўнымі й ваеннымі ўшанаваньнямі”. Хаця ніводнага высокапастаўлнага дзяржаўнага чыноўніка ці вайскоўца на могілках не было. “Панарама” таксама заявіла, што “труну насілі па вуліцах”. Гэта значна адрозьніваецца ад таго, што было насамрэч — труну несьлі па праспэкце Скарыны.
Я зьвярнуўся да тых, хто браў удзел у гэтым шэсьці ды прысутнічаў на Ўсходніх могілках Менску, з пытаньнем: “Як, паводле вашай думкі, прайшло пахаваньне Васіля Быкава?”
Вось як адказаў на гэта старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:
(Пашкевіч: ) “Прайшло годна і дастойна, як таго заслугоўвае нацыянальны прарок, народны пісьменьнік”.
(Карэспандэнт: ) “Тое, што ўлада вам ніяк не дапамагала — перашкаджала, можа, — як вы ацэньваеце?”
(Пашкевіч: ) “Хаваў народнага пісьменьніка народ. Тое, што ўлада не дапамагала — маецца на ўвазе, фізычна, арганізацыйна — не перашкодзіла, і ўрэшце сталася так, як мог марыць Васіль Уладзімеравіч”.
З гэтымі словамі спадара Пашкевіча салідарны ягоны калега — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:
(Барадулін: ) “Тут я чуў, як пачыналася шэсьце — нехта гаворыць: гэта будзе, відаць, як Машэрава. Я гавару, што Машэрава — гэта было арганізаванае камуністамі: ад кожнага заводу па тры чалавекі і таму падобнае. Такога шэсьця ў Беларусі на бліжэйшыя 50 гадоў ня будзе. Гэта яшчэ раз паказвае, што беларусы прачынаюцца, гэтае шэсьце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І тут адступіла міліцыя. Гэта Васіль Быкаў, відаць, нават зварухнуў сумленьне ў самых камуністаў і прыхільнікаў калхознага сацыялізму.
Васілю Быкаву нават Бог даў надвор’е — абяцалі ж праліўныя дажджы, вы разумееце? А па народнай традыцыі — вось якраз Валя Быкава сястрыца родная гаворыць: “У нас, калі хаваюць добрага чалавека, заўсёды добрае надвор’е”. Гэта яшчэ раз гаворыць, што Бог яго прыняў да сябе, гэта прарок нацыі”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы ацэньваеце тое, што ўлада ня брала ўдзел у пахаваньні?”
(Барадулін: ) “Разумееце, я лічу, што ўсё ж ва ўлады зараз агонія, і ім хапіла нарэшце мазгоў, што лепш ня ўвязвацца. Таму што, як камуністы гаварылі, “нястрымны працэс”. Яны адчулі, што яны адчуюць сваю паразу, таму што перад Быкавым, перад геніем Быкава ўсе гэтыя камуністы, супэркамуністы, посткамуністы, поц-камуністы бледныя”.
А вось што сказаў Радыё Свабода, выходзячы з могілак, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Я лічу, што пахаваньне народнага пісьменьніка прайшло па-народнаму. Таму што тут было много сумленных людзей, і так многа, што я нават гэтага не чакаў, хаця думаў, што будзе вельмі многа. І яно яшчэ таму па-народнаму, што ўсе антынародныя сілы тут адсутнічалі”.
(Карэспандэнт: ) “А як вы ацэньваеце тое, што Лукашэнкі тут не было?”
(Шушкевіч: ) “Вось я і кажу: усе антынародныя сілы тут адсутнічалі, таму прайшло чыста, прыстойна, духоўна. І, ведаеце, крыўдна, што дажыліся мы да таго, што гэты ўвесь гэты “сброд” не разумее, што такое Быкаў, і пэўныя асобы сьцьвярджаюць, што вучыліся на яго вершах, і ня прыйдуць папрасіць прабачэньня за сваё невуцтва і за сваё хамства”.