Сярод іншага, Крыстафэр Сьміт сказаў: “Апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка, як выглядае, наважаны ігнараваць галасы народу Беларусі, якія заклікаюць да павагі асноўных правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі празь дзесяць гадоў пасьля таго, як гэтая краіна здабыла незалежнасьць і далучылася да Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе”.
Як старшыня Гельсынкскай камісіі, Крыстафэр Сьміт выказаў занепакоенасьць нядаўнімі падзеямі, якія сьведчаць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў у Беларусі. У сваёй прамове Сьміт згадаў пра далейшы перасьлед незалежных мэдыяў, уціск рэлігійных меншасьцяў, рэпрэсіі супраць няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў і іх актывістаў. Асобна кангрэсмэн згадаў ціск, які ўлады робяць на Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Коласа за тое, што ягоныя выкладчыкі падтрымваюць дэмакратыю і выступаюць у абарону беларускай мовы і культуры, якія нечым замінаюць беларускаму кіраўніку. Дзе яшчэ ў сьвеце кіраўнік дзяржавы актыўна выступае за здушэньне нацыянальнай мовы і культуры? – задаў рытарычнае пытаньне Крыстафэр Сьміт.
Усё згаданае сьведчыць пра тое, што Лукашэнкаў рэжым пагарджае ўзятымі на сябе перад АБСЭ абавязаньнямі і надалей пакідае без увагі чатыры крытэры АБСЭ, вылучаныя тры гады таму гэтак званай Парлямэнцкай Тройкай.
Нягледзячы на крокі з боку АБСЭ, улучна з аднаўленьнем працы місіі ў Менску, прызнаньнем Нацыянальнага Сходу і зьняцьцем візавай забароны, беларускія ўлады ня толькі не зрабілі ніякіх крокаў у адказ, але й дапусьцілі далейшае пагаршэньне сытуацыі.
Кангрэсмэн Сьміт нагадаў, што сёлета ён запрапанаваў законапраект “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, які мае на мэце дапамагчы народу Беларусі вярнуць сабе свабоду і далучыцца да эўрапейскай супольнасьці дэмакратычных краінаў. Далейшы ўціск рэжымам Лукашэнкі шматпакутнага народу Беларусі падкрэсьлівае неабходнасць прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, каб паспрыяць захаваньню павагі да правоў чалавека і аднавіць дзейнасьць інстытутаў дэмакратычнай улады.