Гісторыя вакол публікацыі ў брытанскай газэце “Independent” пра знойдзеныя ў набліжанага да Садама Хусэйна чалавека беларускіх пашпартоў атрымала працяг. Нагадаем, што, паводле багдадзкага карэспандэнта “Independent” Патрыка Кокбёрна, пашпарты былі знойдзеныя ў Абэда Хаміда Махмуда. Ён быў затрыманы амэрыканскімі вайскоўцамі каля гораду Тыкрыт. Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з абвяржэньнем, але заявіла, што гатовае правесьці расьсьледаваньне.
Сёньняшняя “New York Times” адзначае, што Абэд Хамід Махмуд-ат-Тыкрыты пагадзіўся супрацоўнічаць з амэрыканскімі ўладамі і заявіў, што беларускія пашпарты былі атрыманыя ў Сырыі, дзе пасьля захопу Багдаду войскамі саюзьнікаў былі таксама і сыны Хусэйна – Удай і Кусай. Аднак пазьней, паводле словаў Абэда Хаміда Махмуда-ат-Тыкрыты, сырыйскія ўлады выслалі сыноў Хусэйна з краіны.
Ня выключана, што беларускія пашпарты былі падрыхтаваныя для сыноў Хусэйна. Нагадаем, што яшчэ за часам рэжыму Хусэйна беларускі нацыянальны Алімпійскі камітэт меркаваў запрасіць аднаго зь іх у Беларусь. Адначасна “New York Times” адзначае, што інфармацыя аб знаходжаньні ў Сырыі сыноў былога ірацкага дыктатара не пацьвярджаецца іншымі крыніцамі.
Амэрыканскія ўлады пакуь ня ведаюць дакладна, дзе і калі беларускія пашпарты былі выдадзеныя і для каго.
Сёньня прадстаўнік міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што хаця знойдзеныя пашпарты – падробкі, аднак афіцыйны Менск гатовы правесьці афіцыйнае расьсьледаваньне, калі гэтага пажадаюць Злучаныя Штаты.
Карэспандэнт брытанскай газэты “Independent” Патрык Кокбёрн, які паведаміў пра знаходку беларускіх пашпартоў, лічыцца вядучым экспэртам ў справах рэжыму Садама Хусэйна. Ён адзначыў, што зусім не сьцьвярджае, што знойдзеныя пашпарты не былі падробкамі альбо што да іх мелі дачыненьне афіцыйныя беларускія ўлады.
Тлумачачы верагодныя прычыны скарыстаньня беларускіх пашпартоў, у інтэрвію карэспандэнту нашага радыё ён сказаў:
(Кокбёрн: ) “Як толькі вы дабраліся да Менску, у вас ёсьць шмат накірункаў, куды ехаць далей – калі вы маеце дастаткова грошай, вы можаце значна лягчэй схавацца, чым у Заходняй альбо Паўднёвай Эўропе. Гэта не пазбаўлена сэнсу, калі вы разглядаеце і сытуацыю ва Ўкраіне, у прыватнасьці. Жорсткасьць закону, скажам гэтак – меншая, чым у Цэнтральнай альбо Заходняй Эўропе”.
Сёньня “New York Times” адзначае, што існуюць блізкія сувязі паміж выведнымі службамі Расеі і Беларусі. Газэта зьвяртае ўвагу і на тое, што выведныя службы Расеі мелі даўнія і працяглыя адносіны з рэжымам Садама Хусэйна.