Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 ГАДОЎ ТАМУ НАРАДЗІЎСЯ ДЖОРДЖ ОРЎЭЛ


Сяргей Шупа, Прага

Беларускі кантэкст стагодзьдзя Орўэла зазначыўся сумным супадзеньнем – яно прыпадае на той самы дзень, калі ў Менску хаваюць Васіля Быкава. Вось жа ў сёньняшніх юбілейных нататках нельга не згадаць пра агульны кантэкст, які зьвязвае таго, хто сто гадоў таму прыйшоў на гэты сьвет і таго, хто гэтымі днямі яго пакінуў.

Орўэла і Быкава зьвязвае ня толькі тое, што сёньня іх прозьвішчы стаяць амаль побач у газэтах розных краінаў сьвету. Орўэл, як і Быкаў, пісаў і ”акопную” літаратуру – у ягоным рамане ”Памяць аб Каталёніі” апісваецца суровая праўда аб грамадзянскай вайне ў Гішпаніі, дзе, як і ў Быкава, гэтая праўда значна складанейшая за чорна-белыя ідэалягічныя схемы. Быкаў, як і Орўэл, пісаў сацыяльна-палітычныя прыпавесьці і памфлеты – у творах зь ягонай кнігі ”Пахаджане” перад намі паўстае гратэскна-страхатлівая тапаграфія антыўтопіі, дзе, як і ў Орўэла, бязь цяжкасьці пазнаюцца постаці і краявіды навакольнай рэальнасьці.

Калі ў бурлівыя часы пераменаў на пераломе 80-90-х гадоў у постсавецкіх краінах пачалі адкрыта выдавацца творы Джорджа Орўэла, здавалася, што яны безнадзейна спазьніліся і незваротна страцілі сваю актуальнасьць. На вялікі жаль, прынамсі для Беларусі, абсурдны сьвет Орўэлавых антыўтопіяў надалей шмат у чым перагукаецца з навакольнай будзёншчынай. У сваіх прыпавесьцях Быкаў яшчэ больш выразна абазначыў контуры гэтай новай беларускай рэальнасьці, але сама гэтая рэальнасць сталася для яго невыноснай, і ён вырваўся зь яе, каб вярнуцца толькі для сваёй апошняй зямной дарогі.

Цяпер абодва вялікія пісьменьнікі ХХ стагодзьдзя будуць сузіраць з халоднай вечнасьці наш недасканалы сьвет, які яны ў сваім зямным жыцьці імкнуліся ўратаваць, папярэджваючы нас сваімі змрочнымі прароцтвамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG