Суд абвінаваціў былых афіцэраў міліцыі ў тым, што насуперак інструкцыям, яны загадалі сваім падначаленым узяць на разгон мірнай дэманстрацыі агнястрэльную зброю. А потым, калі на гарадзкіх вуліцах міліцыянты пачалі страляць, іхныя камандзіры не зрабілі нічога, каб спыніць агонь.
Паводле сьведкаў, у часе разгону масавай акцыі, якую ў 1982 годзе ў Любліне зарганізавала “Салідарнасьць”, па вуліцах гораду езьдзілі дзясяткі міліцэйскіх машынаў, зь якіх міліцыянты, амаль ня гледзячы, стралялі ў розныя бакі, у тым ліку і ў кірунку звычайных мінакоў.
Загад спыніць агонь прагучаў толькі пасьля таго, як ад міліцэйскіх куляў загінулі трое жыхароў Любліна, а некалькі дзясяткаў былі параненыя. Тады міліцыянты змаглі разагнаць галоўную калёну дэманстрантаў, аднак цалкам зьліквідаваць пратэсты супраць камуністычных парадкаў ўдалося толькі пры дапамозе ўзмоцненых міліцэйскіх частак, якія былі скіраваныя ў Люблін з усіх суседніх гарадоў.
За свае дзеяньні былыя афіцэры люблінскай міліцыі атрымалі ад 15 месяцаў да 2,5 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Сваякі забітых 21 год таму ўдзельнікаў дэманстрацыі кажуць, што вырак суду занадта лагодны, аднак галоўнае, паводле іхных словаў, у тым, што справядлівасьць увогуле узяла верх, хай сабе нават і праз 2 дзесяцігодзьдзі.
Пасьля 1989 году ў Польшчы быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці, які займаецца пошукам доказаў злачынстваў камуністычнага рэжыму, каб прыцягнуць да адказнасьці злачынцаў.
Да гэтага часу быў узбуджаны цэлы шэраг крымінальных справаў у тым ліку і супраць кіраўнікоў і ўдзельнікаў крывавых разгонаў масавых акцыяў. Працэс у Вроцлаве, аднак, быў першым, у выніку якога былых міліцыянтаў пакаралі турэмным зьняволеньнем.
Паводле ўдзельнікаў колішняга антыкамуністычнага падпольля, гэты інцыдэнт будзе добрым напамінам і для цяперашніх паліцыянтаў ды супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія павінны ведаць, што за супрацьзаконныя дзеяньні раней ці пазьней трэба будзе адказваць.