Міліцыянты пачалі высьвятляць асобы пікетоўцаў і хто ёсьць арганізатарам гэтага пікету. Яны пагражаюць ліцэістам затрыманьнямі. Побач са мной стаіць дзяўчынка, Юля Круглік:
(Круглік: ) "Мы можам сказаць, што мы нічога не баімся, цяпер ідзе дождж, міліцыянты, усё неяк навалілася, але мы будзем стаяць да апошняга, мы не баімся ні надвор'я, ні міліцыянэраў. Мы ведаем, што мы стаім за праўду, мы стаім за ліцэй, і мы будзем змагацца да апошняга".
Побач зь дзецьмі знаходзяцца іх выкладчыкі – некалькі чалавек, тут настаўнікі матэматыкі, гісторыі, замежных моваў. Каля мяне стаіць Лявон Баршчэўскі:
(Баршчэўскі: ) "Няма ніякіх законных падставаў затрымліваць ні дарослых, ні дзяцей. Гэта акцыя - сьведчаньне любові да сваёй навучальнай установы. Калі хочаце, рэклямная акцыя. За гэта ні па якіх законах, нават самых брутальных, нельга затрымліваць ні дзяцей, нікога. Гэта нармальна, што мы, бацькі, тут стаім і падтрымліваем нашых дзяцей, якія ў вольны час, на сваіх канікулах, могуць дэманстраваць любоў да свайго ліцэю і адданасьць яму".
Міліцыянты спынілі тут некалькі сваіх "варанкоў", я бачу тры машыны, і намесьнік начальніка Савецкага РАЎС сп. Гуранкоў пачаў пагражаць, што зараз будуць затрымліваць людзей.
Затым міліцыянты пачалі разганяць пікет. Людзей скідалі з прыступак у падземны пераход, хапалі журналістаў, затрымалі Лявона Баршчэўскага. Праз гадзіну Лявона Баршчэўскага вызвалілі.