Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ РАЗЬВІТВАЮЦЦА З ВАСІЛЁМ БЫКАВЫМ


Ганна Соусь, Прага

Слова на развітаньне з Быкавым гаворыць Валенцінас Сьвенціцкас, які ад 1994 да 2002 году ўзначальваў Саюз пісьменьнікаў Літвы і неаднойчы сустракаўся з Васілём Быкавым:

(Сьвенціцкас: ) “Я думаю, што гэта вельмі вялікая страта. Калі нехта ў нябёсах складае сьпіс выбітных пісьменьнікаў 20 стагодзьдзя, то Быкава мы там усе бачым. Вельмі важная ягоная проза, бо гэта адзін з тых выпадкаў, калі чытаеш творы, у якіх бачыш простага чалавека, залежнага ад вайны. Надзвычайная сур'ёзнасьць ягонай творчасьці, ягоных паводзінаў, дакладнасьць пазыцыі заўсёды імпанавала. Літоўская літаратура такой традыцыі нібыта ня мае, і таму мы многае чэрпалі з таго, што пісаў Васіль Быкаў. Беларускіх пісьменьнікаў апошнім часам зрэдку перакладаюць на літоўскую мову, аднак кніга Быкава ў нас была выдадзеная ў перакладзе ў 1995 годзе. Гадоў 5 таму ён быў у Вільні. Было лета, час адпачынкаў, аднак пісьменьнікі, перакладчыкі й прыхільнікі ягонага таленту прыйшлі ў Саюз пісьменьнікаў на сустрэчу з Быкавым, і гэта засталося ў памяці як сур'ёзная размова, літаратурная й ня толькі.

Васіля Быкава на літоўскую мову перакладалі такія нашыя вядомыя пісьменьнікі, як Ёзас Сакуціс, перакладчыкі Антанас Антавічус, Данутэ Крыштапайтэ. У нас ёсьць кнігі Быкава на літоўскай мове, і яны з намі застануцца”.

Літоўскі літаратар Пятрас Бражэнас, знаўца беларускай літаратуры, не хавае хваляваньня, калі гаворыць пра Васіля Быкава:

(Браженас: ) “Гэтую вестку вельмі цяжка перанесьці. Быкаў быў ня толькі гонарам беларускага народу, але й усясьветнай літаратуры. Для літоўцаў ён быў вельмі вядомым, любімым. Многія яго творы перакладзеныя на літоўскую мову. Яго чыталі й па-расейску, не чакаючы перакладу на літоўскую мову. Канечне, мы ведалі многіх беларускіх пісьменьнікаў, асабліва за савецкім часам больш перакладаў было. Аднак Быкаў сярод іх быў, безумоўна, першым нумарам. Яго шчырая, можна сказаць, складаная й неверагодна глыбокая проза – мы мала з кім маглі параўнаць яго ў Літве. Гэта вельмі сумная вестка. Адчуваю як нейкую асабістую страту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG