Выступаючы падчас урадавай нарады наконт стварэньня супольнага беларуска-расейскага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”, Аляксандар Лукашэнка нечакана заявіў:
(Лукашэнка: ) “Тое, як сёньня расейскія СМІ юродствуюць на сьмерці Васіля Быкава, пацягне за сабой скрайне нэгатыўныя наступствы ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй”.
Спадар Лукашэнка не патлумачыў, што менавіта не задавальняе яго ў матэрыялах расейскіх мэдыяў, але сказаў: “На гэта зарыентаваныя сродкі масавай інфармацыі, і іх проста прымушаюць гэта рабіць”.
Вось што сказала пра гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч:
(Пяткевіч: ) “Справа не ў незадаволенасьці, а справа ў тым, што шэраг сродкаў масавай інфармацыі пачынаюць спэкуляваць на сьмерці, спрабуючы парадзіць нейкі антаганізм паміж інтэлігенцыяй і дзяржаўнымі органамі. Але сам факт таго, што пісьменьнік вярнуўся на радзіму і яму была аказаная тут усялякая мажлівая й немажлівая дапамога, гаворыць пра тое, што канфлікту не было. І спрабаваць цяпер на жалобнай для сям’і, і для народу падзеі разыгрываць нейкую карту – гэта злачынна. Вы ж бачылі й чыталі: тэлеканалы й газэты далі нядобрыя матэрыялы”.
Пасьля Лукашэнкавага выступу з крытыкай на адрас расейскіх СМІ зьявілася паведамленьне, што ён падпісаў нэкралёг Васілю Быкаву. Тэкст, распаўсюджаны толькі на беларускай мове, пачынаецца гэткімі словамі: “Беларуская літаратура панесла непапраўную страту. 22 чэрвеня 2003 году пасьля цяжкай і працяглай хваробы пайшоў з жыцьця народны пісьменьнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі Васіль Уладзімеравіч Быкаў”.
Нэкралёг адзначае, што ваенныя падзеі сталі лёсавызначальнымі для жыцьцёвага і творчага шляху Васіля Быкава. “Імкненьне перадаць праз мастацкае слова суровую праўду вайны, абвостраная чалавечнасьць, высокая патрабавальнасьць у сьцьвярджэньні маральных прынцыпаў — вось адметныя якасьці Быкава-пісьменьніка”. У афіцыйным нэкралёгу згадваюцца толькі тыя аповесьці Быкава, што былі напісаныя ў савецкі час. Заканчваецца тэкст гэтак: “Імя і кнігі Васіля Быкава назаўжды ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнай культуры. Сьветлая памяць аб выдатным майстры беларускага слова жыве і будзе жыць у нашых сэрцах”.
Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, нэкралёг падпісалі прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі, сьпікеры абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі ды ягоны намесьнік па ідэалёгіі, міністры інфармацыі, культуры, абароны, адукацыі, старшыні Віцебскага абласнога і Менскага гарадзкога выканкамаў ды іншыя афіцыйныя асобы. Сярод тых, хто падпісаў нэкралёг — тры пісьменьнікі: Алесь Пашкевіч, Мікалай Чаргінец, Іван Шамякін.
Старшыня Саюзу пісьменьнікаў спадар Пашкевіч, які ўваходзіць у склад урадавай камісіі ў справе арганізацыі пахаваньня Васіля Быкава, увечары накіраваўся да старшыні гэтай камісіі — міністра культуры Леаніда Гулякі, каб канчаткова вырашыць арганізацыйныя пытаньні. Са спадаром Гулякам цягам дня зьвязацца не ўдалося, але вось што распавёў намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц:
(Гедройц: ) “Я вам ня ўсё, напэўна, скажу, але скажу, што ў 10 гадзін – з 10 да 13 будзе разьвітаньне ў Доме літаратара, а з 13 да 14 плянуецца грамадзянская паніхіда і ў 14 ужо вынас цела й пахаваньне на могілках Маскоўскіх, ці Ўсходніх”.
(Карэспандэнт: ) “І за кошт дзяржавы будзе пахаваньне?”
(Гедройц: ) “Канечне. Гэта ўсё будзе бюджэт рэспубліканскі. Якая сума – сёньня я ня ведаю. Там складнікаў шмат – ёсьць і транспарт, і стол жалобны, і прылады гэтыя ўсе”.
(Карэспандэнт: ) “Месца бясплатна на могілках выдзялілі, так?”
(Гедройц: ) “Я ж кажу вам, што бюджэт будзе ўсе выдаткі браць на сябе”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а хто будзе выступаць на паніхідзе?”
(Гедройц: ) “Весьці будзе старшыня камісіі Гуляка. Будзе выступаць – я дакладна ведаю – Пашкевіч, старшыня Саюзу пісьменьнікаў. Засядала сёньня раніцай камісія, ужо абмеркавалі, склалі такі рабочы плян, хто за што там адказвае, – каб можна было займацца арганізацыйнымі пытаньнямі”.
(Карэспандэнт: ) “А прысутнасьць Аляксандар Лукашэнкі абмяркоўвалася? Будзе ён ці не?”
(Гедройц: ) “Дакладна ня ведаю я”.
Паводле зьвестак з прэзыдэнцкай адміністрацыі, у дзень пахаваньня Васіля Быкава Аляксандар Лукашэнка паедзе ў Сьветлагорскі раён. Прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч сказала, што ён паедзе ад самай раніцы й браць удзелу ў пахаваньні не плянуе.
А вось амбасадары эўрапейскіх краінаў ужо заявілі, што возьмуць удзел у цырымоніі разьвітаньня з народным пісьменьнікам. Як паведаміў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, у складзе дэлегацыі дыпляматаў Эўрапейскага Зьвязу будуць прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі, Брытаніі, Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Літвы, Італіі, Эстоніі.