Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС АБВЯРГАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ ПРА ТОЕ, ШТО Ў ЗАТРЫМАНАГА ПАПЛЕЧНІКА САДАМА ЗНАЙШЛІ БЕЛАРУСКІЯ ПАШПАРТЫ


Юры Сьвірко, Менск і Юры Дракахруст, Прага

Багдадзкі карэспандэнт “Independent” Патрык Кокбёрн піша, што пашпарты зь Беларусі былі знойдзеныя ў Абэда Хаміда Махмуда, блізкага да Садама чалавека, затрыманага амэрыканскімі вайскоўцамі каля гораду Тыкрыт тыдзень таму. Пра гэта паведаміў Хаш’яр Зэбары, прадстаўнік кіраўніцтва курдаў, які займаецца пошукамі Садама Хусэйна.

“Абэд Хамід толькі што вярнуўся з Сырыі, дзе ён атрымаў пашпарты — мажліва, бязь ведама сырыйскіх уладаў”, — заявіў спадар Зэбары газеце “Independent”, якая адзначае, што зьвесткі пра беларускія пашпарты могуць быць першай прыкметай таго, што людзі з найбліжэйшага атачэньня Садама плянуюць уцячы за межы арабскага сьвету.

“Беларусь мае дрэнныя стасункі з ЗША, але малаверагодна, што яна рызыкне прытуліць Садама альбо яго сыноў Удая і Кусая. Ірацкія чыноўнікі маглі палічыць больш лёгкім зьнікнуць у суседніх Украіне або Расеі”, — піша “Independent”.

На просьбу пракамэнтаваць гэтае паведамленьне, асабліва цьверджаньні пра тое, што ў былога памочніка Садама Хусэйна знайшлі беларускія пашпарты, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных адказаў гэтак:

(Савіных: ) “Гэта выдумка, якая ня мае ніякага дачыненьня да рэальнасьці, а з гледзішча здаровага сэнсу выходзіць нават за межы разумнага. Гэта тычыцца ўвогуле ўсяго артыкулу, усяе публікацыі — дакладней, нават таго, што Садам знаходзіцца ў Беларусі”.

Паводле спадара Савіных, публікацыя ў “Independent” — “газэтная качка”. А вось што сказаў з нагоды гэтага артыкулу амбасадар Беларусі ў Сырыі Ўладзімер Лапата-Загорскі:

(Лапата-Загорскі: ) “Згодна з консульскай парктыкай, якая існуе ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь, пашпартызацыя не ажыцьцяўляецца замежнымі ўстановамі. У нас няма блянкаў пашпартоў Рэспублікі Беларусь у ніякім выглядзе. Яны выдаюцца толькі органамі ўнутраных справаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама консульскім упраўленьнем МЗС.

У ніводнай краіне не ажыцьцяўлецца выдача пашпартоў. Вельмі строгая працэдура па пашпартах існуе, яна ўся кантралюецца Міністэрствам унутраных справаў, таму махінацыяў нейкіх з пашпартамі не ажыцьцяўляецца і ня можа ажыцьцяўляцца ў амбасадзе — ня толькі ў амбасадзе ў Сырыі, але і ў ніводнай замежнай установе, я ўпэўнены.

Гэта як любая публікацыя ў прэсе. Фактаў канкрэтных там ня дадзена, і наколькі я памятаю, выснова, якую робіць журналіст, — хутчэй за ўсё, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Ён сам робіць выснову, што Беларусь — гэта ня тая краіна, якая будзе рызыкаваць, каб гуляць у гэтыя справы, каб рабіць нешта ў гэтым кірунку. Гэта неабгрунтаваная інфармацыя, афіцыйна да нас ніхто не зьвяртаўся па гэтым пытаньні ні па якіх каналах. Наколькі я разумею, гэты чалавек затрыманы – па інфармацыі, якая зьмешчаная ў “Independent”, – ня ў Сырыі, а ў Іраку”.

А вось што заявіў у інтэрвію нашаму радыё аўтар артыкулу ў “Independent” Патрык Кокбёрн:

(Кокбёрн: ) “Я даведаўся, што Абэд Махмуд Аль Тыкрыты, галоўны памочнік Садама, паехаў у Сырыю, атрымаў там беларускія пашпарты і вярнуўся ў Ірак. Няма ніякіх доказаў, што ён атрымаў дапамогу ў гэтай справе ад сырыйскага ўраду. Я ня ведаю – ці атрымаў ён гэтыя пашпарты законым шляхам, ці былі гэтыя пашпарты выдадзеныя ўрадам”.

Паводле Патрыка Кокбёрна, сам ён гэтыя пашпарты ня бачыў:

(Кокбёрн: ) “Інфармацыю пра гэта я атрымаў ад сп. Зэбары з Курдзкай дэмакратычнай партыі Іраку. Я давяраю гэтай інфармацыі. Курдзкая дэмакратычная партыя мае дачыненьне да пошуку Садама Хусэйна і іншых кіраўнікоў былога ірацкага ўраду”.

Журналіст гаворыць, што пашпарты утрымлівалі імёны былых ірацкіх урадоўцаў:

(Кокбёрн: ) “Гэта людзі менш вядомыя, чым Хусэйн. І калі гэтыя пашпарты правільна аформленыя, яны маглі б іх скарыстаць. Я мяркую, што гэта было б складана для самога Садама. Але ёсьць іншыя ірацкія ўрадоўцы, не настолькі вядомыя, і яны б маглі скарыстаць гэтыя пашпарты”.

Карэспандэнт “Independent” выказаў зьдзіўленьне хуткасьцю рэакцыі беларускага МЗС на ягоную публікацыю. Ён паўтараў, што ў ягонай інфармацыі няма нічога, што б наўпрост зьвязвала беларускі ўрад з пашпартамі, знойдзенымі ў былога памочніка Садама Хусэйна. На думку Патрыка Кокбёрна, хуткая рэакцыя МЗС Беларусі на ягонае паведамленьне якраз і спараджае падазрэньне пра магчымую датычнасьць афіцыйнага Менску да выдачы гэтых пашпартоў.

Варта дадаць, што Патрык Кокбёрн не зьяўляецца прыхільнікам амэрыкана-брытанскай ваеннай апэрацыі ў Іраку, у сваіх артыкулах у “Independent” ён звычайна крытыкуе дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў Іраку.

Нагадаем, што да пачатку вайны ў Іраку амбасадар гэтай краіны ў Менску неаднаразова казаў пра магчымасьць візыту Садама Хусэйна ў Беларусь. А прадстаўнікі беларускага алімпійскага камітэту заяўлялі пра магчымасьць запрашэньня ў Менск сына ірацкага прэзыдэнта, старшыню алімпійскага камітэту Іраку. На тле тагачасных запрашэньняў не зусім зразумела, чаму прадстаўнік МЗС Беларусі сёньня гаворыць, што гіпотэза наконт уцёкаў былых ірацкіх кіраўнікоў у Беларусь “з пункту гледжаньня здаровага сэнсу выходзіць за межы разумнага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG