Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАДЗІМЕ ВАСІЛЯ БЫКАВА ПРАЙШЛІ ЖАЛОБНЫЯ ІМПРЭЗЫ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Хвілінай смутку ўшанавалі сёньня памяць сусьветна вядомага пісьменьніка Васіля Быкава ў вёсцы Кублічы на Ўшаччыне. У Кубліцкай сярэдняй школе Васіль Быкаў скончыў восем клясаў, а цяперашнія вучні, якія вывучаюць знакамітыя творы свайго славутага земляка, стаялі тут у жалобнай варце.

На мітынг-рэквіем былі запрошаныя сястра пісьменьніка, Валянціна Ўладзімераўна, суседзі з малое радзімы Васіля Быкава — вёскі Бычкі, дзе ён нарадзіўся. А таксама прадстаўнікі Ўшацкага райвыканкаму: спаміж усіх званьняў ды ўзнагародаў пісьменьніка ёсьць і такое — “Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну”.

Нэкралёг па сьмерці Васіля Быкава, складзены абласнымі ўладамі, надрукавалі сёньня і ўсе віцебскія дзяржаўныя газэты. У бальшыні гэтых выданьняў ён зьмешчаны на другой старонцы, пасьля зьвестак пра нарыхтоўку кармоў ды асьвятленьня камунальных праблемаў.

А вось шараговым віцяблянам правесьці жалобную акцыю не ўдалося: усяго 20 хвілінаў доўжылася жалобная імпрэза, арганізаваная на Пляцы Волі віцебскімі сябрамі КХП БНФ ды “Народнае грамады”. Нягледзячы на пратэсты гараджан-гледачоў, супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі затрымалі Барыса Хамайду ды Яна Таўпыгу, якія трымалі бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкаю да партрэт пісьменьніка ў чорнай рамцы.

Спадароў Хамайду да Таўпыгу абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні ды трымалі ў пастарунку некалькі гадзінаў, але й па іхным затрыманьні віцябляне яшчэ доўга стаялі на Пляцы Волі. На асфальце засталіся ляжаць кветкі ды кнігі — збор твораў славутага пісьменьніка, а таксама плякат са словамі “Быкава яшчэ ня позна пачуць”.
XS
SM
MD
LG