Адну з апошніх кнігаў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому” ў менскіх кнігарнях сёньня набыць было немагчыма: апошнія асобнікі прадалі яшчэ ў панядзелак, калі людзі дазналіся пра сьмерць пісьменьніка. Аднак павышаны попыт усе творы клясыка мелі й раней, — кажа загадчыца беларускага аддзелу кнігарні “Цэнтральная” Юлія Барташ.
(Барташ: ) “Доўгай дарогі дадому” няма ўжо, бо ўчора прадалі. А яшчэ разабралі “Знак бяды” і “Балота”. На сёньняшні дзень засталася толькі “Ваўчыная яма”, і ўсё”.
(Карэспандэнтка: ) “Попыт на кнігі Васіля Быкава ўзрос толькі гэтымі днямі?”
(Барташ: ) “Не. Як толькі ён вярнуўся з-за мяжы ў Беларусь, адразу ж пачалі раскупляць ягоныя кнігі”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці часта пытаюцца пра ягоныя кнігі?”
(Барташ:) “Часта. Але выдаюць вельмі мала чамусьці”.
У “Кнігарні пісьменьніка” становішча яшчэ горшае: кнігаў Васіля Быкава тут не засталося ўвогуле. Прычым пакупніцкі попыт на творы пісьменьніка кнігарня ня ў стане задаволіць некалькі гадоў, — кажа загадчыца крамы Ірына Крэсік.
(Крэсік: ) “Кнігі вельмі добра ідуць, але на сёньняшні дзень нічога няма. Вось апошні асобнік “Доўгай дарогі дадому” прадалі й замовілі на “Белкнізе” са “Школьнай бібліятэкі”, калі там яшчэ што засталося”.
(Карэспандэнтка: ) “Попыт на кнігі Быкава толькі цяпер узрос ці ўвесь час трымаўся?”
(Крэсік: ) “Ён увесь час трымаўся. Але гэтых кніг недастаткова. Нават паводле школьнай праграмы. Яны адразу ж разыходзяцца”.
Яшчэ адна буйная менская кнігарня “Сьветач”, каб выправіць гэткае становішча, зьвярнулася да маскоўскіх выдавецтваў — таму пераважная бальшыня кніг Васіля Быкава, якія тут прадаюцца, надрукаваныя па-расейску. Прычым, у рубрыцы “Расейская проза 20 стагодзьдзя”. Гутару з загадчыцай беларускага аддзелу Веранікай Варфаламеевай.
(Карэспандэнтка: ) “Кнігі на расейскай мове калі да вас паступілі?”
(Варфаламеева: ) “Яны ў нас заўсёды ёсьць. Цяпер вось — “Выбраныя творы” Васіля Быкава, ёсьць “Бедныя людзі”, а таксама творы са “Школьнай бібліятэкі”. Усе яны дужа добра разыходзяцца і на беларускай, і на расейскай мове”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці задавальняе вас выбар у беларускіх выдавецтвах?”
(Варфаламеева: ) “Зусім не задавальняе — ці яны мала выдаюць, ці па бібліятэках распаўсюджваюць, я ня ведаю, але хацелася б, каб кніг было значна больш”.
Кнігі Васіля Быкава, выдадзеныя ў Расеі, пазначаныя 2003 годам. Апошняе ж выданьне твораў пісьменьніка на радзіме, у дзяржаўным выдавецтве “Кніга”, было надрукаванае два гады таму.