Вядомы навуковец і грамадзкі дзеяч, акадэмік Радзім Гарэцкі лічыць, што Беларусь панесла вялікую страту, але спадзяецца, што асоба Васіля Быкава будзе зь беларусамі вечна:
(Гарэцкі: ) “Быкаў — вельмі добрасумленны, шчыры, адданы сваёй Бацькаўшчыне чалавек. Для нашай нацыі ён быў прарокам. І ягоная страта ні з чым не параўнальная. Мы ўсе смуткуем, але спадзяемся, што Беларусь ня згіне. І будзе вечна наша Беларусь, як будуць вечныя слава, справы й творы Васіля Быкава”.
Вядомы мастак Аляксей Марачкін заклікае ўсіх прыйсьці на пахаваньне Васіля Быкава з жалобнымі бел-чырвона-белымі-сьцягамі. Менавіта ў гэтых старажытных сымбалях народны пісьменьнік бачыў сканцэнтраваны духовы патэнцыял беларусаў:
(Марачкін: ) “Доўгае вяртаньне дадому закончылася. І Васіль Быкаў цяпер ужо ў іншым сьвеце, але для кожнага беларуса гэта знакавая фігура. Васіль Быкаў — сумленьне беларускай нацыі. Сьмерць Васіля Быкава адгукнулася ў кожным сэрцы. Нават афіцыйныя ўлады ніяк ня могуць абысьці гэтую значную фігуру для нашага народу. І мне здаецца, яны паспрабуюць зрабіць усё, каб нейкім чынам прыватызаваць і пахаваньне. І таму, я думаю, мы павінны прыйсьці на пахаваньне з жалобнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі”.
15 гадоў таму Васіль Быкаў стаяў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту — першага за савецкім часам апазыцыйнага палітычнага руху. Слова на разьвітаньне з Васілём Быкавым гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Васіль Быкаў — хударлявы чалавек тыповага паўночнабеларускага аблічча меў дух зубрыны. І жылося значна лягчэй з усьведамленьнем, што ён ёсьць. І ня важна, ці ён побач, ці ён далёка, ці ён на іншым краю зямлі. Галоўным было ўсьведамленьне, што ёсьць той, хто творчым духам сваім усьведамляе, што была і ёсьць Беларусь, і галоўнае, што яна будзе. І што яна будзе заўсёды. І як бы пэсымістычна Быкаў ні пісаў пра лёс Беларусі, асабліва апошнім часам, я разумеў, што гэта ёсьць папярэджаньне, званок, сыгнал нам: “Будзьма змагарнымі, будзьма сьмелымі!” Такімі мужнымі й сьмелымі, якім быў Быкаў на працягу ўсяго свайго жыцьця. І тады, калі ён быў на фронце ў гады другой усясьветнай, і калі кідаў выклік усёй ідэалягічнай машыне, пішучы праўду пра вайну, а ў канцовым выніку праўду пра чалавека, беларуса. І тады, калі ён у 1988-м, ні хвіліны не вагаючыся, стаў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту”.