Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРЭСА ПРА ВАСІЛЯ БЫКАВА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Апошнім дысыдэнтам называюць Васіля Быкава “Известия”. Усе апошнія гады – піша газэта – ён быў напалову выгнаньнікам. Ён не прыняў рэжыму Лукашэнкі, у якім бачыў сымбаль найгоршых рысаў брэжнеўска-андропаўскай эпохі. Рэжым не прыняў Быкава і зрабіў усё, каб выціснуць яго за мяжу.

Зрэшты, лічыць газэта, драма Быкава была ня толькі ў канфлікце з наяўнай уладай. Куды больш хваравіта ён перажываў іншае: што краіна хоча інтэграцыі з Расеяй, якую ён называў паглынаньнем, а не аўтаномнага палітычнага існаваньня. Што беларуская апазыцыя так і ня здолела вылучыць са сваіх шэрагаў фігуру аб’яднаўчую і сапраўды аўтарытэтную для ўсёй нацыі. Што народ сапраўды на баку ненавіснага рэжыму, а не на баку волі. Што нацыя ня хоча беларусізацыі, а цалкам задаволеная русыфікацыяй.

“Комсомольская правда” адзначае, што асноўны канфлікт у творах Быкава – паміж чалавечнасьцю і бесзчалавечнасьцю, паміж прыстойнасьцю і здрадніцтвам. Не паміж ворагамі – паміж сваімі. За што доўга не друкавалі – піша газэта – і рэзюмуе: але сіла таленту была такая, што прарвала запруду цэнзурных забаронаў.

Васіль Быкаў не прымаў ніякага рэжыму, піша “Независимая газета”. Толькі пры Гарбачове Быкаў крышку лягчэй уздыхнуў, і ўлады перасталі рабіць выгляд, што такога пісьменьніка няма. Да гэтага Быкава ня тое, каб забаранялі, але й не віталі. І сапраўды, навошта вялікай краіне, якая перамагла фашызм, было ведаць, хай сабе і ад франтавіка, што ня толькі Аляксандры Матросавы ваявалі ў Вялікую Айчынную.

І, нарэшце, газэта “Труд” адзначае, што пасьля публікацыяў крываточных жорсткай праўдай вайны аповесьцяў “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост” “Сотнікаў” пісьменьніка ўзялася злосна душыць афіцыёзная крытыка – за нібыта шкодніцкае згушчэньне трагічных фарбаў, за “абстрактны гуманізм”, за тое, што ён, маўляў, абмяжоўваецца ўсяго толькі “акопнай праўдай”, а не глядзіць на ўсё арліным вокам вышэйшага начальства.

Але – піша напрыканцы газэта “Труд” – жыве і будзе жыць вечна гарачая і мужная праўда, сказаная Быкавым пра вайну і наш час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG