Удзельнікі: лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка, музыказнаўца Надзея Бунцэвіч
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Давай цяпер пагаворым пра новы альбом. Вы ўжо ня ў тым веку, калі галоўная задача — проста выдаць чарговы альбом. Пэўны таго, что ягоная канцэпцыя, ідэя прадумваліся загадзя. З чаго ж вы зыходзілі?”
(Алег Хаменка: ) “Мы альбомы выдаем стабільна, раз на два гады. У тым годзе гэта быў альбом “Чужыя дзеўкі”, у які ўвайшлі ўсе песьні пра каханьне. А цяпер гэта альбом “Сьвяточны”, у які ўвайшлі песьні з кожнага сьвята. Гэта і вясельле, і Купальле, і шчадроўкі, і калядныя песьні. Гэта, насамрэч, усё ж “Новае лепшае”, кампіляцыя, якая мае сэнс падаць усю музыку “Палацу”. Тут ёсьць дзьве песьні, якія мы рабілі з ды-джэем Рэем, песьні, якія выходзілі аж у 1996 годзе, песьні, якія выйдуць ужо ў 2004 годзе — напэўна, у нашым новым альбоме. Каб чалавек, які ніколі ня чуў пра “Палац”, мог узяць альбом “Сьвяточны” і адразу адчуць цалкам нашыя 11 гадоў”.
(Падбярэскі: ) “А вось новыя песьні ў рэпэртуары. Дзе вы іх сёньня знаходзіце, ці вялікая цяпер доля аўтарскіх стылізацыяў?”
(Хаменка: ) “Доля аўтарскіх стылізацыяў пад фальклёр павялічваецца. Да гэтага мы ідзем наўмысна. Зразумела, што сёньня мы губляем тых людзей, якія ведалі гэты фальклёр. Сапраўды, ужо вельмі няшмат людзей, якія ведаюць тое, што не запісана фальклярыстамі. Напрыклад, у тым годзе мы знайшлі толькі дзьве песьні, якіх мы ня бачылі ні ў водным зборніку, толькі дзьве. Сёлета — пакуль што ніводнай. І я разумею, што справы надалей будуць яшчэ горшыя. Цяпер большасьць музыкі мы ўсё ж бярэм як новы погляд на тое, што было запісана фальлярыстамі.
Але павінна быць ня толькі апрацоўка сапраўднага старажытнага фальклёру. Вось, напрыклад, песьня “У лузе” — гэта песьня, якая была напісаная ўжо дакладна паводле беларускіх купальскіх песень. Такой песьні ў народзе няма. Можна казаць, што гэта ўжо аўтарская песьня”.
(Падбярэскі: ) “Нельга не адзначыць: апошнія два-тры гады музыка “Палацу” зьмянілася ў тым сэнсе, што гучаньня жывых інструмэнтаў прыкметна паболела. А што з новага наогул маецца на гэтым дыску, прынцыпова новага?”
(Хаменка: ) “Падыход. Мы больш і больш зьвяртаемся да традыцыйнай гарманізацыі. Калі раней у першую чаргу мы зьвярталі ўвагу на мэлёдыку і словы, сёньня зьвяртаем як мага больш увагі яшчэ і на тыя гармоніі, якія, мы цяпер ужо адчуваем, сапраўды былі, ёсьць і будуць у беларускай музыцы як нацыянальнае разьвіцьцё менавіта гарманічнай музыкі. Ёсьць мінорная тоніка, ёсьць мажорная субдамінанта, якая прызвычаеная да расійскай, цыганскай і габрэйскай музыкі, да якой таксама вельмі звыклае нашае вуха. І ў сёньняшняй расійскай эстрадзе — гэта аснова, гэта проста эксплюатуецца, і гэта ёсьць падмуркам усёй цяперашняй сучаснай расійскай музыкі.
Насамрэч разьвіцьцё гармоніі ў беларускай музыцы — яно зусім ня тое і формай, і тымі ж акордамі. І вось на гэта трэба зьвярнуць увагу дзеля таго, каб гэта мела разьвіцьцё ня толькі ў нас, але яшчэ і ў Беларусі наогул”.
(Падбярэскі: ) “Дарэчы, вядома ўжо цяпер рабочая назва будучага альбому?”
(Хаменка: ) “Не, альбому — не. Тут яшчэ вельмі шмат працы. Бо мы ўжо абяцалі, і ўжо праца падыходзіць да заканчэньня. Я маю на ўвазе першы беларускі фолк-рок-мюзыкл, над якім мы працуем. Амаль цалкам ёсьць ужо музыка, ёсьць сюжэт, працоўная назва гэтага мюзыклу “Возера”. Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што ёсьць уласная гарманічная музыка, ёсьць у Беларусі ўласныя правілы танцу, ёсьць манера сьпяваць. І з гэтага можа атрымацца сапраўды нацыянальнае рок-фольк-шоў, якое можна зрабіць у выглядзе мюзыклу. Гэтая праца цяпер займае, канечне, вельмі шмат часу, але гэтак хочацца, каб усё атрымалася! І вельмі спадзяюся, што ўжо напрыканцы гэтага году будзе прэм’ера”.
(Падбярэскі: ) “Слова музыказнаўцы Надзеі Бунцэвіч”.
(Бунцэвіч: ) “Палац”, які працягнуў нэа-фальклёрную хвалю, распачатую “Песьнярамі”, даказаў, наколькі сам гэты кірунак шматгранны, шматбаковы і глыбінны. Бо ў параўнаньні з тымі ж “Песьнярамі” яны зрабілі новы крок наперад, яны падышлі да яшчэ больш глыбінных пластоў фальклёру, спалучылі яго зь яшчэ больш сучаснымі заходнімі напрамкамі эстраднай музыкі. Але самае цікавае, мабыць, адбылося крыху пазьней, калі пачалі зьяўляцца новыя сольныя праекты. Тады высьветлілася, што кожны зь іх — гэта свая творчая асоба, індывідуальнасьць”.
(Падбярэскі: ) “Ці сёньня ты можаш назваць тых, хто будзе ўдзельнічаць у вашым праекце?”
(Хаменка: ) “Вось хто будзе сьпяваць?.. Не! Я шчыра скажу, што перамовы я вёў шмат з кім, але насамрэч гэта трэба дзеля таго, каб паўдзельнічалі гэтыя людзі ня толькі ў запісах і ў самім шоў. Гэта трэба людзям адкласьці свае справы, а тое можна зрабіць, калі ёсьць грошы. Але, вядома, гэты праект не фінансуецца, і знайсьці сапраўдныя грошы, столькі, колькі патрэбна ўкласьці ў сапраўдны мюзыкл, мы ня можам. Але ў нас ёсьць тыя сяброўскія дачыненьні, на якіх мы можам зрабіць тое, што цяпер і робім.
Таму дакладна сказаць, хто будзе сьпяваць, я не магу. Па-першае, я баюся сурочыць; па-другое, пэўна ж, гэтыя дамовы адбудуцца ў самы апошні момант. Гэта будуць вельмі вядомыя людзі, зоркі беларускай эстрады і беларускага року, гэта будуць зусім невядомыя дзяўчыны, якія толькі-толькі скончылі кансэрваторыю і ўнівэрсытэт культуры, гэта будуць дзяўчаты, зь якімі я ўжо даўно дамаўляўся нешта зрабіць. І сьпяваць будуць аж 22 чалавекі”.
(Падбярэскі: ) “Ну што ж, Алег, давай мы так дамовімся, што пачакаем прэм’еры вашага, відаць, асноўнага ў гэтым годзе праекту — тады, магчыма, сустрэнемся зноў і з кім-небудзь з удзельнікаў, каго ты сёньня не назваў, і пагаворым пра тое, як, скажам, існаваць у сьпеўнай форме вялікага памеру, вялікага маштабу…”
(Хаменка: ) “Гэта ня толькі сьпеўны памер, ня толькі сьпеўны маштаб. Наогул у сусьветнай практыцы зьяўляецца так званых апэрэт адна-дзьве за тры-чатыры гады. Цяпер усё, што мае сэнс як спэктакль, як шоў, спрабуе тэатралізавацца і набывае такім ці іншым чынам выгляд мюзыклу. Толькі існуе ўжо паразуменьне: клясычны мюзыкл, ёсьць там яшчэ розныя варыянты, і гэта тое, што будзе адбывацца наогул у музыцы ня толькі ў Эўропе, а ў музыцы сусьветнай.
Праз чатыры-пяць гадоў у першую чаргу будзе цікава бачыць музычны спэктакль, а ня толькі тое, як выканаўца выконвае набор канцэртных нумароў. Гэта не працуе! І, дарэчы, у Францыі няма ўжо разуменьня: канцэрт там, шоў. Там ёсьць заўсёды адно й тое ж: спэктакль! І вось у тым сэнсе, у якім мы разумеем спэктакль, гэта і павінны рабіць наогул усе музыканты”.
(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй табе і за навіны вельмі цікавыя, і за тое, што знайшоў час прыйсьці да нас у студыю. Такім чынам, да новых сустрэчаў у “Сьвяточным” настроі, да новых прэм’ер!”
(Хаменка: ) “Шчыры дзякуй! Усім таксама прывітаньне. Ну, і слухайце “Палац”!”
частка першая